Дэкрэт № 18 – у дзеянні: “Прававое ўзаемадзеянне дзяцей і бацькоў”


Такую тэму для абмеркавання на бацькоўскім сходзе з татамі і матулямі, чые дзеці атрымалі часовы дом у сацыяльным прытулку, абрала кіраўніцтва ўстановы.


З гэтай катэгорыяй грамадзян тут вядзецца мэтанакіраваная прафілактычная работа, таму на сустрэчу з праблемнымі сем’ямі запрасілі супрацоўнікаў праваахоўных органаў, каб размова ў свеце асноўных палажэнняў Дэкрэта №18 атрымалася больш грунтоўнай.


Летась праз рукі выхавацеляў сацыяльнага прытулка прайшло 37 дзяцей. 18 з іх былі вернуты ў біялагічныя сем’і  пасля рэабілітацыі бацькоў і выканання прапісанага ім плана мерапрыемстваў. 4 забралі прыёмныя сем’і, 2 – накіраваны ў інтэрнат, яшчэ 2 – у дзіцячую вёску ў Бараўляны.


— Быць бацькамі – цяжкая справа, — адзначыла ў сваёй прамове дырэктар сацыяльнага прытулка Наталля Іванаўна Булыня. – Гэта адказнасць за выхаванне высокіх духоўных і маральных якасцяў у маленькага грамадзяніна краіны. Бо тое, што бацькі змогуць закласці ў сваіх сыноў і дачок у дзяцінстве, праявіцца ў іх дарослым жыцці.


Павучальнай была гутарка з намеснікам пракурора раёна Чэславам Іванавічам Максімовічам. На жыццёвых прыкладах ён імкнуўся данесці бацькам ганебнасць такіх з’яў, як п’янства і дармаедства, рабіў спасылкі на Дэкрэт №18, Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, Кодэкс аб шлюбе і сям’і, нагадаў некаторыя артыкулы сямейнага і крымінальнага права. Асаблівая ўвага сканцэнтравана на правах дзіцяці, пра якія нецвярозыя таты і маці часцей за ўсё забываюцца. А між тым малыя мараць пра залатое дзяцінства.


— Бацькі абавязаны клапаціцца пра выхаванне і здароўе сваіх дзетак, а не наносіць шкоду іх псіхічнаму развіццю, — адзначыў Чэслаў Іванавіч, – абараняць гонар і годнасць чалавека ў асобе дзіцяці, а не зневажаць абразамі і п’янымі лаянкамі. Не ўпрыгожвае чалавека той факт, што дзяржава павінна абараняць дзяцей ад іх бацькоў!


Шчыра гаварыў з праблемнымі сем’ямі і начальнік РАУС Мікалай Віктаравіч Латышаў. Ён адзначыў, што ў 99% выпадкаў бязладдзя ў дамах  вінаватая гарэлка. А сваю выснову пацвердзіў  лічбамі. Так, летась ад атручвання спіртнымі напоямі пайшлі з жыцця 14 прыдзвінцаў, узровень алкаголю ў іх крыві складаў 6-8 праміляў, што несумяшчальна з жыццём. Частка памерлых – гэта маладыя працаздольныя людзі. Сяброўства з гарэлкай стала прычынай накіравання на лячэнне ў ЛПП 37 прыдзвінцаў. Згадзіцеся, тут ёсць над чым паразважаць. У гутарцы прыняў удзел і інспектар ІСН А. А. Мацуганаў.


Але, напэўна, нічога так не кранае за сэрца, як дзіцячыя просьбы аб здаровым ладзе жыцця, звернутыя да бацькоў. Матулям і татам, якія маюць праблемы з гарэлкай, прапанавалі паслухаць некалькі такіх споведзяў, запісаных на магнітафон. Ад пачутага камянелі сэрцы. Можа гэты крык дзіцячай душы падштурхне бацькоў да актыўных дзеянняў?



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *