Прыйшла “вялікая вада”


Плюсавая тэмпература і інтэнсіўнае раставанне снегу ў мінулыя выхадныя прывялі да падтаплення падвальных памяшканняў дамоў № 5 і №9 па вуліцы Маладзёжнай у райцэнтры, прыватнага сектара па вуліцах Асіпенкі, Гастэлы, Працы, Петруся Броўкі, Малінавай і іншых. У адпаведныя службы раёна сталі паступаць просьбы аб дапамозе, на раніцу панядзелка было зарэгістравана больш за 20 такіх зваротаў.


Каардынуе работу па ліквідацыі наступстваў паводкі і мінімізацыі ўрону ад “вялікай вады” створаная пры райвыканкаме камісія па надзвычайных сітуацыях. У панядзелак пад старшынствам кіраўніка раёна Леаніда Канстанцінавіча Пянькоўскага прайшло яе пасяджэнне.


Спланаваны дзеянні на бліжэйшы час, вызначаны тэхнічныя сродкі, якія накіраваны на дапамогу камунгасаўцам, працаўнікам водаканала і выратавальнікам-пажарным у барацьбе з вадой. Прадпрыемствы абавязалі камандзіраваць на вуліцы горада працоўныя рэзервы, каб весці барацьбу з лёдам і даць вадзе магчымасць хутчэй сысці. Адзначалася, што працоўныя калектывы павінны паклапаціцца і пра навядзенне парадку на тэрыторыях ля адміністрацыйных будынкаў.


Кіраўніком раёна дадзена даручэнне арганізаваць работу службаў у кругласутачным рэжыме, наладзіць дзяжурствы ў райвыканкаме. А для мабільнай работы камісіі прыём заявак на адвядзенне вады ажыццяўляецца ў РАНС па нумары 4-10-01 і дыспетчарскай камунальнай службы (4-21-78), паведаміць пра падтапленне можна і ў прыёмную райвыканкама да 20 гадзін па тэлефоне 4-10-45.


Галоўны санітарны ўрач раёна Н. А. Карпушэнка звяртае ўвагу жыхароў  Прыдзвіння, што ў перыяд інтэнсіўнага  раставання снегу ў разы ўзрастае рызыка захворвання на вострыя кішэчныя інфекцыі пры ўжыванні ў ежу сырой вады з калодзежаў.


Каб абараніць сябе і сваё здароўе, калодзежную ваду абавязкова трэба кіпяціць. Гэта не проста парада спецыяліста, а залатое правіла для кожнага прыдзвінца.


На здымку: на перакрыжаванні вуліц Рэпіна, Асіпенкі і 70 гадоў Кастрычніка.


 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *