Если жить добросовестно


Ля вёскі Давыдкавічы механізатары ПУП “АграВітВін” закладвалі чарговую сянажную траншэю. А непадалёк на полі па апошніх пракосах, складзеных у валкі, ішла тэхніка. На кормаўборачным камбайне “КГ-6” Аляксандр Рыгоравіч Пагарэльскі  падбіраў зялёную масу, здрабняў яе і тут жа адпраўляў у прычэп магутнага трактара,  якім кіраваў Мікалай Віктаравіч Кузьменка. Тэхніка была ўжо практычна запоўнена кормам, таму механізатары дазволілі сабе невялікі перапынак, а Аляксандр Пагарэльскі згадзіўся адказаць на пытанні карэспандэнта.


— Аляксандр Рыгоравіч, як даўно працуеце на зямлі?


— Я загартаваны сялянскай працай практычна з маленства. А ў “АграВітВіне” працую толькі шэсць гадоў, з іх на корманарыхтоўцы – чацвёрты сезон. Працу сваю люблю, таму імкнуся выконваць яе якасна. Ад кожнага з нас залежыць, наколькі сытнай будзе зімоўка жывёлы,  таму і ў полі працуем з 6 гадзін раніцы да 9 вечара. Сапраўднаму гаспадару дарагая кожная пагодлівая хвілінка, бо і ў гаспадарцы, і дома, на ўласным падворку, вельмі шмат работы ў летні перыяд.


— Вы практычна ўвесь светлавы дзень у полі, а хто вядзе хатнюю гаспадарку?


— Усёй сям’ёй працуем. Яна ў нас дружная, ва ўсім падтрымліваем адзін аднаго. Жонка Алена разумее важнасць маёй асноўнай працы, ды й цешча, а мы жывём з ёй у адной хаце, у мяне залатая, сыны-пагодкі — 10 і 9 гадоў – таксама праяўляюць цікавасць да сялянскага ўкладу жыцця. На падворку ў нас дзве кароўкі, на кожную трэба нарыхтаваць сена. Вядома ж, аднаму тут не справіцца, але і на жаночыя плечы ўсю работу не кінеш. Як толькі выдаецца вольная хвілінка, спяшаюся дадому.


— Сена ўжо назапасілі ўласным кароўкам?


— Пакуль не ў поўным аб’ёме. Але гаспадарка нам дапамагае тэхнікай, таму жывёла без корму не застанецца.


— Аляксандр Рыгоравіч, што яшчэ, акрамя буронак, ёсць у гаспадарцы Пагарэльскіх?


— Надзел зямлі. Вырошчваем бульбу, агародніну. Без маіх рук і тут ніяк не абысціся. Так што даводзіцца паспяваць усюды. Праўда, асноўная работа – на асобым рахунку.


— Умовамі працы, заробкамі ці задаволены?


— Безумоўна. На поле два разы ў дзень прывозяць гарачае харчаванне. А калі да справы ставішся з душой, робіш сумленна і чэсна, то абавязкова заробіш. Норма выпрацоўкі на дзень у мяне – 50 тон, калі асілю 100 тон – атрымаю двайную аплату, а калі за тры дні ўправімся закласці сянажную яму, то і яшчэ прыбавяць…


На здымку: М. Кузьменка і А. Пагарэльскі.


 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *