Працаю слаўныя

Общество

  У пятніцу дэлегацыя нашага раёна прыняла ўдзел ва ўрачыстай  цырымоніі ўшанавання лаўрэатаў звання «Чалавек года Віцебшчыны» за 2010 год, якая адбылася ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Я. Коласа.   Такое мерапрыемства праходзіць ужо трэці год запар. Упершыню рашэннем абласнога выканаўчага камітэта №893 ад 16 снежня 2009 года быў зацверджаны  парадак прысваення ганаровага звання  «Чалавек года Віцебшчыны», і за гэты час названы імёны больш як 200 лаўрэатаў. Яшчэ 100 лепшых працаўнікоў прыдзвінскага краю з гарадоў і вёсак заслужылі права насіць гэтае ганаровае званне па выніках работы за 2010 год. Усіх гэтых людзей аб’ядноўваюць  высокі   прафесіяналізм і бязмежная адданасць сваёй краіне. «Гэта маякі, на якія павінны раўняцца ўсе», — асабліва падкрэсліў старшыня аблвыканкама А. М. Косінец і дадаў, што гэта дзякуючы намаганням і гэтых людзей вобласць змагла дасягнуць летась высокіх вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця.
   У 2010 годзе тэмп росту прамысловай вытворчасці склаў 117% да ўзроўню 2009 года, пабудавана 618 тыс. кв. м жылля. Аднак у бягучым годзе перад намі стаяць яшчэ больш напружаныя задачы. У прыватнасці, тэмп росту вытворчасці прамысловай прадукцыі плануецца на ўзроўні 120%, выпуск інавацыйнай прадукцыі павінен скласці 21% у агульным аб’ёме. Рэнтабельнасць продажу ў прамысловасці — 15%, у аграпрамысловым комплексе — не менш за 10%.
   Поспех рэгіёна залежыць ад работы кожнага яго жыхара. Кожны з нас — гэта часцінка сваёй радзімы. Чым больш мы будзем працаваць, тым прыгажэйшым будзе наш край. Таму лепшым прадстаўнікам калектываў разнастайных галін і сфер дзейнасці  Аляксандр Мікалаевіч Косінец уручыў дыпломы лаўрэатаў, нагрудныя знакі, грашовую прэмію і кветкі. Для заахвочвання прамыслоўцаў і сельгасвытворцаў, дзеячаў сфер адукацыі, навукі, культуры, мастацтва, аховы правапарадку, паслуг, СМІ, выдавецкай, паліграфічнай дзейнасці, малога і сярэдняга бізнесу, архітэктуры, будаўніцтва, дарожнай гаспадаркі, фізічнай культуры, спорту і турызму, занятасці і сацыяльнай абароны, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, энергетыкі, транспарту, камунікацый, аховы здароўя, навакольнага асяроддзя і лясной гаспадаркі, мясцовага кіравання і самакіравання, грамадскіх дзеячаў, абаронцаў Айчыны, лепшых фінансістаў і страхаўшчыкоў аблвыканкамам быў выдзелены амаль мільярд рублёў — па 10 мільёнаў на кожнага. «У 2011 годзе, — адзначыў кіраўнік вобласці, — матывацыя працы ўзрасце, плануецца, што носьбіты звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2011″ атрымаюць аўтамабілі!»    Апрача таго, бігборды з іх фотаздымкамі на працягу года будуць упрыгожваць населеныя пункты вобласці.
  Як і штогод, сярод лаўрэатаў звання «Чалавек года Віцебшчыны» ёсць нашы землякі. Сёлета ў намінацыі «Адукацыя, навука» сярод лепшых працаўнікоў Віцебшчыны значыцца імя дырэктара Ульскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці імя Л. М. Даватара Аляксандра Антонавіча Пашкевіча, а ў намінацыі «Занятасць, сацыяльная абарона» — інспектара аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Бешанковіцкага раёна Пятра Аляксандравіча Гарбадзея. Разам з іншымі віноўнікамі ўрачыстасці і яны ўзнімаліся на сцэну драмтэатра, у іх адрас таксама гучалі словы шчырай падзякі за самаадданую працу.
 Завяршылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання  святочным канцэртам, які падрыхтавалі лепшыя артысты вобласці. 
Ларыса ПАДЖАРАЯ.
  На здымку: дыплом лаўрэата і нагрудны знак старшыня абласнога выканаўчага камітэта А. М. Косінец уручае дырэктару Ульскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці імя Л. М. Даватара А. А. Пашкевічу.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *