Масленицу в Бешенковичах встретили с песнями и гуляньями

Общество

У мінулую нядзелю ў райцэнтры святкавалі Масленіцу. Жыхары гарпасёлка з ахвотай спяшаліся ў цэнтральны парк, дзе праходзіла свята, – спрыялі гэтаму і ўжо па-вясноваму сонечнае надвор’е, і бадзёры настрой, які дарылі людзям самадзейныя артысты Прыдзвіння.
    Весялілі прыпеўкамі і народнымі песнямі ўсіх, хто прыйшоў праводзіць зіму, не толькі культработнікі раённага Дома культуры, але і бачэйкаўскія артысты. Было наладжана шмат забаў і для малых, і для дарослых. Дзве снежныя горкі, з якіх можна было з вецярком праехацца, гульні і конкурсы, катанне на санках пад звон бразготак – дзеткам сумаваць не было калі. У традыцыйных масленічных забавах – перацягванні канату, лазанні на слуп за падарункам, спаборніцтве па армрэслінгу і падыманні гіры, – з задавальненнем прымалі ўдзел і дарослыя. Пераможцы атрымлівалі прызы ад арганізатара спартыўных спаборніцтваў – аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама.
    “Кіпеў” і святочны гандаль. Бешанковіцкі раённы Дом рамёстваў, напрыклад, не толькі прапаноўваў цудныя вырабы народных майстроў, але і праводзіў латарэю. Папулярнымі былі і гандлёвыя кропкі райпа. Жыхары райцэнтра маглі пачаставацца гарачай гарбатай, шашлыком, вухой… Канечне, якая ж Масленіца без бліноў – галоўнага атрыбута гэтага вясёлага народнага свята! Блін, па народным павер’і, сімвалізуе сонейка, якога за тры халодныя зімовыя месяцы ўсе ўжо зачакаліся. У гэты дзень паласавацца асабліва смачнымі на свежым паветры блінамі можна было ўдосталь.
     Яскрава і светла, як вясновае сонейка, разгарэлася і масленічнае вогнішча, на якім па традыцыі спалілі саламянае пудзіла – сімвал адыходзячай зімы.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *