В Минске сегодня День траура

Новости района

Не забываюць у філіяле «Бешанковіцкі льнозавод» ААТ «Шумілінскі льнозавод» пра сваіх ветэранаў вытворчасці, якія верай і праўдай служылі не адзін дзясятак гадоў свайму роднаму прадпрыемству. Так было і з Галінай Сямёнаўнай Шыцікавай, якой споўнілася 80 гадоў. Дырэктар прадпрыемства Надзея Уладзіміраўна Бокіш папрасіла расказаць пра гэту жанчыну на старонках «Зары».


І вось мы ля парога яе льнозавадской кватэры. А на лаўцы сядзіць юбілярка. Цікавая ў яе біяграфія: нарадзілася ў Віцебску, жыла ў Ленінградзе, цяпер у пасёлку Двурэчча.


– Бацькі мае да Вялікай Айчыннай вайны з Віцебска пераехалі ў горад на Няве, уладкаваліся на завод. У 1941-м нас з сястрой адправілі на канікулы да родных у Бешанковіцкі раён. Так мы апынуліся ў вёсцы Мількавічы, – вядзе свой горкі аповяд жанчына. – У 1942 годзе бацькі пешшу дабраліся да нас. А ў 1944-м бацьку прызвалі на фронт. У Прыбалтыцы ён і загінуў. Так маці ў 30 гадкоў ад роду засталася адна з двума дзеткамі на руках. Гадавала нас адна, замуж больш не пайшла…


Пасля вызвалення раёна пачаў аднаўляцца спалены партызанамі льнозавод. Маці адной пракарміць сям’ю было цяжка, хоць і працавала на заводзе. Каб не памерці з голаду, сюды рабочай у 1951 годзе з адукацыяй 6 класаў уладкавалася і шаснаццацігадовая Галіна.


Працавітую дзяўчыну заўважыла кіраўніцтва завода і накіравала на курсы павышэння кваліфікацыі ў Шуміліна. Праз некаторы час Галіна Сямёнаўна была прызначана на пасаду брыгадзіра, а потым і майстра мяльна-трапальнага агрэгата. Работа была манатоннай і складанай. Шмат ільняной пылюкі прайшло праз яе дзявочыя лёгкія. Але іншага выйсця са становішча не знаходзілася – трэба было працаваць у тых умовах, каб мець кавалак хлеба.


Так і пацякло яе немудрагелістае жыццё-быццё. Кіраўніцтва прадпрыемства выдзеліла кватэру ў доме барачнага тыпу. Стала весялей на душы – свой куточак жытла з’явіўся.


Неўпрыкмет і жаніх знайшоўся. Выйшла замуж. У 1960 годзе ў хаце з’явілася папаўненне – сынок нарадзіўся. А потым і дачушка.


– Дзеткі мае ўжо дарослыя. Дачка ў Калінінградзе жыве, сын – побач. Каб не дзеці дапамагалі, то не ведаю, як бы жылі з дзедам, калі ногі адмаўляюцца хадзіць? Сказваецца праца: па дзве-тры змены адстаяць не раз прыходзілася. Я на пенсіі яшчэ дзесяць гадкоў адхадзіла на работу. Вось ногі ў старасці і не трымаюць, – дзеліцца набалелым Галіна Сямёнаўна. – Дапамагаюць дзеткі, як могуць, асабліва сын! Унукі таксама не забываюць, двух праўнучкаў з дзедам дачакаліся…


– Гэта цудоўная ва ўсім пара – Анатоль Мікалаевіч і Галіна Сямёнаўна, – гаворыць дырэктар філіяла «Бешанковіцкі льнозавод» Надзея Уладзіміраўна Бокіш. – Жывуць у згодзе, даглядаюць адзін аднаго, дапамагаюць. Прыемна глядзець на гэтых цудоўных людзей і працаўнікоў.


Кіраўніцтва прадпрыемства горача павіншавала жанчыну з юбілейным днём нараджэння, пажадала здароўя, уручыла грамату і каштоўны падарунак. Мы далучаемся да тых цёплых слоў пажаданняў, у сваю чаргу, віншуем гэту пару і ўсіх прадстаўнікоў старэйшага пакалення з Днём пажылых людзей.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *