У адным кроку ад экватара ўборачнай

Заботы сельские

З першымі промнямі сонца камбайнеры сельгаспрадпрыемства “Палітаддзелец-Агра” выходзяць на хлебную ніву. Сёлета гаспадарка ўзяла пальму першынства і не збіраецца здаваць пазіцый. Жніўны канвеер з высокапрадукцыйнай тэхнікай з дапамогай падшэфных арганізацый паспяхова спраўляецца з пастаўленымі задачамі. Хлеб у гаспадарцы ўбраны ўжо на трэцяй частцы плошчаў. Штодня на хлебным палетку шчыруюць 9 экіпажаў камбайнераў.  


 — Збожжавы клін у нас сёлета складае каля 2000 гектараў, — расказвае аграном “Палітаддзельца-Агра” Вадзім Юр’евіч Аўчыннікаў. – За дзень у добрае надвор’е прыбаўляем па 2-3% да абмалочаных плошчаў.
   Стан рэсурснай базы здавальняючы, усё неабходнае для нармальнай арганізацыі работы ёсць. Інжынерная служба працуе над тым, каб у дастатковай колькасці былі паліва і запчасткі. Пад асаблівым кантролем тэхналагічныя і якасныя параметры. Імкнёмся мінімізаваць страты, а яшчэ лепш выключыць іх. Сочым за вымалатам хлебнага коласу і станам тэхнікі.
   Неблагі сёлета і ўраджай, плануем сабраць каля 5,5 тысячы тон збожжа. Азіміна, напрыклад, дае да 32 ц/га, яравыя – да 35. Самая рэнтабельная культура ў нас – азімая пшаніца. Добрай якасці атрымалі яе, здаём збожжа ў залік дзяржзаказу. На Віцебскі КХП, напрыклад, паставілі 250 тон азімай пшаніцы, яшчэ 100 тон трыцікале рыхтуем для адпраўкі на Чашніцкі спіртзавод.
   Сушыльная гаспадарка гатова на 100% і працуе кругласутачна. Яна прадстаўлена 2 старымі польскімі сушылкамі  і новым айчынным зернеачышчальна-сушыльным комплексам “ЛідАрай”. Апошні быў узведзены ў гаспадарцы летась, прайшоў абкатку, а сёлета запрацаваў на поўную магутнасць: дазваляе дапрацаваць да 300 тон збожжа ў суткі. 
    Трымаць тэмпы і якасць хлебаробам “Палітаддзельца-Агра” дапамагаюць прафесіяналізм і майстэрства. Стараюцца ўсе, хаця лідары ўжо вызначыліся. Сярод іх адзін са старэйшых працаўнікоў гаспадаркі Канстанцін Фёдаравіч Баўтрушка. Яшчэ нядаўна механізатар працаваў на камбайне, а потым перабраўся на “МАЗ”. Летась ён стаў другім у раённым спаборніцтве, сёлета мяркуе перакрочыць узяты рубеж.
   — У дзень рэйсаў 10-12 раблю, — кажа Канстанцін Фёдаравіч. – Галоўнае для нас зараз – убраць хлеб і даставіць яго на элеватар без страт.
   Мэтанакіравана працуе і адзін з маладых удзельнікаў жніва – камбайнер Сяргей Радкевіч. Летась ён намалаціў каля 850 тон, сёлета таксама адзін з лепшых. Намалочвае па 40-50 тон, чуйна рэагуе на  сігналы кампьютара. Асабліва на ўзгорках і нізінах правярае настройку камбайна “КЗС-1218”, інакш нельга: зерне можа застацца на полі. 


  На здымку: Сяргей Радкевіч з памочнікам Сяргеем Кошалевым перад выездам у поле.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *