В Бешенковичах состоялось освещение нового католического костёла

Общество

  Парафіяне Бешанковіцкай парафіі Святога Пятра і Паўла адсвяткавалі радасную падзею. Ва ўрачыстай абстаноўцы з удзелам гасцей з райцэнтра, Улы, Глыбокага, Чашнікаў, Віцебска адбылося асвячэнне і ўмураванне краевугольнага каменю новай святыні, пад які была закладзена капсула з эрэкцыйным актам.
Спецыяльна да гэтай падзеі ў райцэнтр на свята завіталі біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін, які і праводзіў Святую Імшу, канцлер віцебскай курыі ксёндз Аляксандр Дулінец, ксёндз Алег Будкевіч з Віцебска, ксёндз Андрэй Бульчак з Чашнікаў. І, безумоўна, ва ўрачыстасці ўдзельнічалі пробашч Бешанковіцкай парафіі ксёндз Славамір Самковіч, дыякан Даніла Сваяк.
  Самым доўгачаканым момантам падзеі для ўсіх прысутных было ўмураванне каменю. Як зазначыў дыякан Даніла Сваяк, будаўніцтва касцёла распачалося першага ліпеня. У справе задзейнічана прыватнае будаўнічае прадпрыемства “КомГрупВлад”, якое ўпершыню займаецца будаўніцтвам святыні і плануе завяршыць яго ў  ліпені 2012 года.
  З гісторыі касцёла: парафія Святога Пятра і Паўла была зарэгістравана 10 жніўня 2000-га года, але яе гісторыя паходзіць з далёкага мінулага. Для яе ўтварэння і развіцця шмат зрабіў канцлер Леў Сапега, калі ў 1630-м годзе Бешанковічы сталі яго ўласнасцю. У 1650-м годзе Казімір Леон Сапега пабудаваў тут каталіцкі касцёл. І ўжо тады колькасць парафіянаў складала 1300 чалавек. У 1876-м годзе на месцы старога драўлянага касцёла, пабудаванага ксяндзом Ляскоўскім на сродкі ксяндза Кярсноўскага, быў пабудаваны драўляны двухвежавы касцёл пад тытулам Святога Казіміра Каралевіча і Святога Арханёла Рафала. Шмат для касцёла ў Бешанковічах зрабіў ксёндз Цыбулевіч. Святыня мела чатыры алтары з абразамі Езуса Укрыжаванага, Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Антонія, якія доўгі час утрымліваліся ў добрым стане. На жаль, з цягам часу ад святыні засталіся толькі падмурак і невялікія фрагменты сценаў, а на іх месцы пабудаваны іншыя, свецкія, збудаванні.
  Цяпер людзі маюць магчымасць удзельнічаць у нядзельнай і штодзённай Святой Імшы. Парафія набыла будынак, у якім зроблены капліца і памяшканне для святара.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *