Сустрэча ў парку

Письмо в газету

  У парку на лаўцы сядзела пажылая жанчына. Ціха падалі  з дрэў залатыя лісты. Вецер гуляў з імі, падкідваючы ўгору, кідаючы прахожым у твар. Але жанчына ні на што не звяртала ўвагі. Здавалася, што яна нічога і нікога не бачыць. Толькі дзве слязінкі каціліся па яе шчаках.
  Я падышла да жанчыны і спытала:
  — Што здарылася? Чым я магу Вам дапамагчы?
  Яна здрыганулася і паглядзела на мяне сумнымі вачыма. Потым сказала:
  — Ніхто мне не дапаможа. Мяне сын выгнаў з хаты…
  І тут яна наўзрыд заплакала. Я, як магла, стала яе супакойваць. Жанчына выцерла слёзы і расказала мне такую гісторыю:
  — Завуць мяне Надзея Пятроўна. Зараз я на пенсіі, а раней працавала ў пякарні. Выйшла замуж. У нас з мужам доўга не было дзяцей. І вось у трыццаціпяцігадовым узросце я нарадзіла такога доўгачаканага хлопчыка. Мы з мужам песцілі яго, рабілі ўсё, што толькі ён не пажадае. Вучыўся Пеця добра, рос паслухмяным. Але здарылася гора. Памёр мой муж ад сардэчнага прыступу. І тут Пецю як падмянілі. Стаў дрэнна вучыцца, не слухаў настаўнікаў. Мяне выклікалі ў школу ледзь не кожны тыдзень.
  З горам папалам сын закончыў дзевяць класаў. Потым вывучыўся на шафёра і пайшоў працаваць у калгас. Адслужыў армію. Дарэчы, яго начальства не раз дасылала мне пісьмы падзякі. Я была рада за сына.
  Пасля арміі Пеця ажаніўся. Жонка нарадзіла дзяўчынак-блізнятак. Мы былі вельмі шчаслівыя. Я дапамагала, чым магла. Але сын стаў піць. Не было і дня, каб ён не прыходзіў дадому пад градусам. Жонка не вытрымала і выгнала яго з дому. Сын прыйшоў жыць да мяне. Самае страшнае пачалося пазней. Пеця перастаў хадзіць на работу, на выпіўку стаў патрабаваць у мяне грошы, не раз падымаў руку. А потым у яго пачаліся прыступы белай гарачкі. Яму стала здавацца, што я яго хачу забіць. Сёння таксама напіўся і выгнаў мяне з дому.
  Надзея Пятроўна цяжка ўздыхнула. Я прапанавала ёй пераначаваць у мяне. Але жанчына сказала, што пачакае, пакуль сын засне, і пойдзе дадому. Яна ўжо не раз так рабіла.
  …Якое вялікае гора прыносіць п’янства. Дзеці выхоўваюцца без бацькі, маці пакутуе. А сам чалавек становіцца хворым, залежным ад ста грамаў…
  Пачаў накрапваць дождж. Я паціху пайшла дадому. На сэрцы было цяжка. Якое шчасце, што мой муж не п’е, што дзеці ў сваіх сем’ях жывуць добра, дружна, у любові і радасці.
Аляксандра ДАРМІДОШЫНА,
вучаніца 8 класа
Бачэйкаўскай сярэдняй школы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *