Битва возле Островно

Письмо в газету

Летам 2012 года будзе святкавацца 200-гадовы юбілей перамогі над арміяй Напалеона ў вайне 1812 года. З нагоды гэтай падзеі ў нашым раёне плануецца шмат цікавых мерапрыемстваў. У іх ліку рэканструкцыя знакамітай бітвы, у якой з абодвух бакоў прымалі ўдзел і нашы суайчыннікі, жыхары былога Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. З расійскага боку ў Астровенскай бітве ўдзельнічалі 11-я і 23-я дывізіі 4-га корпуса пад камандаваннем Астэрмана-Талстога і 3-я дывізія пад камандаваннем Канаўніцына.


У названых вышэй вайсковых злучэннях служылі ў асноўным салдаты, набраныя ў рэкруты з Полаччыны, Віцебшчыны і Віленшчыны. Яны змагаліся за родныя мясціны і змагаліся гераічна. На тры дні спынілі авангард французскай арміі.


У знішчальных бітвах каля вёсак Астроўна, Кукавячына, Камары з рускага боку загінулі 3764 чалавекі – 376 салдат на вярсту, французаў – 3700. Літаральна на кожным метры дарогі тут ляжаў забіты ці паранены жаўнер, затое 1-я руская армія атрымала час для адпачынку і пачала арганізаваны адыход на Смаленск.


Пазней Канаўніцын пісаў сваёй жонцы: «От 8 часов утра до 5 часов пополудня я дрался с четырьмя полками и двумя батальонами сводных гренадёр, смею сказать, 60 тыс. человек… Я целый день держал самого Напалеона, который хотел обедать в Витебске, но не попал и на ночь, разве на другой день…».


Не адкрыю вялікага сакрэту, калі паведамлю пра тое, што і ў арміі Напалеона служылі беларусы, літоўцы, палякі, якія спадзяваліся, што французскі імператар дапаможа аднавіць Рэч Паспалітую. 25 ліпеня пад Астроўнам вызначылася польская брыгада ўланаў пад кіраўніцтвам генерала Юзафа Немаеўскага. Брыгада нечакана ударыла ў фланг Інгерманландскага драгунскага палка, акружыла яго і амаль поўнасцю знішчыла (з 600 чалавек асабовага складу палка 200 чалавек былі забіты і 200 узяты ў палон). Генерал Немаеўскі ў Астровенскай бітве быў паранены куляй у грудзі. Напалеон узнагародзіў яго ганаровым крыжам, а Мюрат — крыжам Неапалітанскім.


26 ліпеня вызначыўся 8-ы ўланскі полк пад камандаваннем Дамініка Радзівіла, прадстаўніка аднаго з самых вядомых магнацкіх родаў у Беларусі. Уланы Радзівіла скрытна пераправіліся праз Дзвіну ў тыле 3-й дывізіі і нанеслі вялікія страты расійскім заслонам, скавалі атакуючыя дзеянні Канаўніцына. Сам Дамінік Радзівіл быў адзначаны ў 10-м бюлетэні Вялікай арміі як “афіцэр надзвычайнай адвагі”.


У вайне 1812 года нашы суайчыннікі ваявалі ў абодвух варагуючых арміях, ахвяравалі сваім жыццём, і як часта здаралася ў беларускай гісторыі, за чужыя інтарэсы.


Станіслаў ЛЕАНЕНКА, настаўнік Дабрыгорскай БШ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *