В Витебске состоялось торжественное мероприятие по подведению итогов временной трудовой занятости молодёжи области Трудовой семестр — 2012

Мы -- молодые

5 снежня ў КЗ «Віцебск» ДУ «Цэнтр культуры «Віцебск» адбылося ўрачыстае мерапрыемства па падвядзенні вынікаў часовай працоўнай занятасці моладзі
Віцебшчыны «Працоўны семестр-2012».Удзел у ім прынялі прадстаўнікі органаў выканаўчай улады вобласці, Цэнтральнага камітэта ГА «БРСМ», кіраўнікі прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый, дэлегацыі рэгіёнаў, прадстаўнікі  навучальных устаноў, працуючая моладзь, ветэраны студатрадаўскага руху, творчыя калектывы.
  З упэўненасцю можна сказаць, што з кожным годам усё больш і больш  маладых людзей працуе на карысць нашай вобласці. У гэтым годзе ў складзе 757 студэнцкіх атрадаў (будаўнічых, сельскагаспадарчых, педагагічных, экалагічных, сэрвісных) працавалі каля 15 тысяч чалавек, 416 чалавек — індывідуальна. Сярод працаўладкаваных – 7349 непаўналетніх.
  З прывітальным словам да ўдзельнікаў урачыстасці звярнуліся намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама У. У. Цярэнцьеў, першы сакратар абласнога камітэта ГА «БРСМ» Д. Л. Хома, намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама В. В. Кунашка. Падзякаваўшы ўсіх удзельнікаў студатрадаўскага руху за працавітасць, адказнасць і ініцыятыўнасць, яны ўручылі ўзнагароды лепшым з лепшых.
  Прыемна, што сярод узнагароджаных былі і маладыя людзі, якія працавалі на нашай бешанковіцкай зямлі. Па выніках працоўнага семестра лепшым будаўнічым атрадам установы адукацыі, якая забяспечвае атрыманне прафесійна-тэхнічнай, сярэдне спецыяльнай адукацыі, занятым на рэканструкцыі малочнатаварных ферм, прызнаны студэнцкі атрад «Сувязны» Віцебскага філіяла УА «Вышэйшы дзяржаўны каледж сувязі». Яго ўдзельнікі працавалі на жывёлагадоўчым аб’екце «Чанавічы» РКУВСГП «Астроўна». Кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства пастаралася зрабіць усё магчымае, каб забяспечыць для сваіх памочнікаў добрыя ўмовы працы. У гэтым годзе гаспадарка ў ліку 10 прадпрыемстваў вобласці атрымала перамогу ў намінацыі «Лепшы наймальнік студэнцкага атрада». Заслужаную ўзнагароду намесніку дырэктара сельгаспрадпрыемства С. В. Іванькову ўручыў намеснік старшыні аблвыканкама У. У. Цярэнцьеў.
  Падзякаваць маладых людзей за актыўны ўдзел і аказаную дапамогу ў будаўніцтве сельскагаспадарчых аб’ектаў Бешанковіччыны на ўрачыстае закрыццё працоўнага семестра прыехала раённая дэлегацыя на чале з намеснікам старшыні райвыканкама М. А. Заблоцкім. Мікалай Анатольевіч уручыў граматы і памятныя падарункі камандзіру студатрада «Сувязны» Д. С. Пастухову і камандзіру студатрада Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа, занятага на будаўніцтве малочнатаварнай фермы «Дразды» ПУП «АграВітВін», Я. В. Сямухіну.
  На здымках: лепшыя з лепшых прадстаўнікоў студатрадаўскага руху Віцебшчыны; заслужаную ўзнагароду намесніку дырэктара сельгаспрадпрыемства «Астроўна» С. В. Іванькову ўручыў намеснік старшыні аблвыканкама У. У. Цярэнцьеў; удзельнікаў урачыстасці віншавалі творчыя калектывы ўстаноў адукацыі вобласці.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *