9 верасня прамую лінію з прыдзвінцамі правядзе старшыня раённага выканаўчага камітэта Л. К. Пянькоўскі

Новости района

Трапіць да сеяльшчыкаў з ДП «ПалітаддзелецАгра» аказалася не так проста. З паліцкай дарогі амаль на гарызонце бачна было, як працуюць дзве сеялкі і «МАЗ» стаіць ля поля. А вось як туды дабрацца?
Але дабраліся. Давялося чакаць на ўскрайку поля, пакуль з-за пагорка не пакажацца тэхніка. А вось і яна. Прыгожа рухаюцца па полі трактары. У адным з іх павінен быць лідар працоўнага саперніцтва на сяўбе яравых збожжавых гаспадаркі Сяргей Мікалаевіч Гусакоў, на рахунку якога, на момант сустрэчы, ужо было амаль 400 гектараў.
Зрабіўшы разварот, трактары спыніліся. З кабіны першага паказаўся Гусакоў. Потым да нас падышлі яшчэ двое – сеяльшчык Дзмітрый Аляксандравіч Лявошка і механізатар Аляксей Аляксандравіч Аўчыннікаў.
– Як працуецца? – пытаюся.
– Калі свеціць сонейка, то з радасцю і натхненнем, – адказвае Сяргей Мікалаевіч. – Можна занесці на мой рахунак яшчэ 10 гектараў, а да канца дня і ўсе 30 будзе. Зноў жа, калі надвор’е не перашкодзіць. А мы не падвядзём. Наш сеяльшчык таксама дапамагае нам, механізатарам. Ён і насенне загружае, і сашнікі праверыць і насенняправоды, каб не забіліся ды не сапсавалі нам агульны малюнак. Праўда, здараюцца і нейкія нязначныя паломкі. Не без гэтага. Поле, як бачыце, вялікае, але да канца дня мы павінны яго засеяць.
– Харчаванне падабаецца? – зноў адрасую пытанне Гусакову.
– Смачна гатуюць ежу нашы кухары, скардзіцца на якасць страў – грэх. Абеды своечасова дастаўляюцца ў поле.
– Можа і мяса ў страве трапляецца? – жартую.
– А як жа без мяса? –  здзіўляецца Сяргей Мікалаевіч. – Каб працаваць з шасці раніцы і да дзесяці вечара, патрэбна высокакаларыйнае харчаванне. І мы яго атрымліваем.
Развітваюся з працавітымі механізатарамі. Жадаю плёну ў рабоце і як мага менш паломак.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *