А. В. Крачковский передал в дар Бешенковичской библиотеке свои книги по истории района

Наш бешенковичский край

  Любоў да роднага краю, веданне яго гісторыі – аснова духоўнай культуры грамадства. З ранняга дзяцінства і да глыбокай старасці чалавек кроўна звязаны са сваёй радзімай.  Яе шлях і лёс – гэта шлях і лёс кожнага з нас. І ўсё жыццё мы спазнаём
 і адкрываем яе для сябе.Праца над узнаўленнем гісто-
 рыі нашага прыдзвінскага краю ў адзін час захапіла, а затым стала справай усяго жыцця Анатоля Вячаслававіча Крачкоўскага – вядомага ў раёне краязнаўцы, дырэктара раённага гісторыка-краязнаўчага музея. Анатоль Вячаслававіч з’яўляецца аўтарам шматлікіх кніг па гісторыі Бешанковіччыны. 26 з іх нядаўна папоўнілі фонды цэнтральнай раённай бібліятэкі.
  Каштоўныя выданні, менавіта такімі яны і з’яўляюцца, бо ў кожным з іх сабраны унікальныя звесткі і факты пра нашых знакамітых землякоў, пра значныя падзеі мінулых гадоў, А. В. Крачкоўскі перадаў бібліятэцы ў дар, спадзеючыся, што яго працы будуць карысныя для бешанкавічан, якія жадаюць больш падрабязна даведацца пра сваю радзіму. І трэба сказаць, кнігі Анатоля Вячаслававіча прыцягваюць увагу шматлікіх наведвальнікаў установы культуры.
  Па словах супрацоўнікаў ЦРБ, імі цікавяцца як школьнікі, так і дарослыя. Не аднойчы падораныя бібліятэцы выданні спатрэбіліся бібліятэкарам у падрыхтоўцы матэрыялаў для пасяджэнняў краязнаўчага клуба «Прыдзвінне».
  Несумненна, шмат чаго, што мы ведаем пра родны край, яго гісторыю, стала вядома дзякуючы шматгадовай даследчай рабоце Анатоля Вячаслававіча. Але ёсць працы, якія пакуль існуюць у адным экземпляры і яшчэ чакаюць свайго часу. Узяць, напрыклад, энцыклапедычны даведнік «Бешанковіччына» – вялікая кніга з 500 лістоў фармату А4. У ёй змешчаны 5635 анатацый. Гэта звесткі пра франтавікоў, удастоеных двух і больш баявых ордэнаў або аднаго баявога ордэна і медаля «За адвагу» ці «За баявыя заслугі», пра неіснуючыя ў цяперашні час населеныя пункты раёна. У даведніку можна знайсці інфармацыю пра падзеі крымскай, руска-японскай, грамадзянскай, савецка-фінскай, Вялікай Айчыннай войнаў, аб стварэнні першых калгасаў. Тут знайшлі сваё адлюстраванне кароткія бібліяграфічныя звесткі пра партыйных работнікаў, кавалераў працоўных ордэнаў, Герояў Савецкага Саюза, якія праявілі мужнасць і адвагу падчас вызвалення Бешанковіцкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
  Не менш грунтоўнай па сваім змесце з’яўляецца гісторыка-дакументальная хроніка «Памяць. Бешанковіцкі раён». Гэта другая па ліку, перапрацаваная, значна дапоўненая дакументальная кніга «Памяць» (першая выйшла ў свет у 1991 годзе). Над ёй Анатоль Вячаслававіч працаваў шмат гадоў. Хроніка ўпершыню адкрывае невядомыя дагэтуль старонкі гісторыі Бешанковіцкага раёна, расказвае пра знакамітых землякоў, нашу багатую спадчыну. Як і папярэдняя кніга серыі, гэта дакументальная хроніка ўдзельнікаў тых далёкіх і шматлікіх падзей, якія адбываліся ў жыцці краіны і народа.
   – Пры напісанні хронікі былі выкарыстаны публікацыі з газет і часопісаў, успаміны ўдзельнікаў і сведак гістарычных падзей, а таксама матэрыялы і дакументы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, дзяржаўных архіваў Віцебска, Полацка, Беларускай нацыянальнай бібліятэкі, Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі, Расійскага дзяржаўнага ваеннага архіва, Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, Расійскага дзяржаўнага гістарычнага архіва, Расійскай нацыянальнай бібліятэкі, – зазначае А. В. Крачкоўскі. – Падчас працы над хронікай  правераны імёны 2900 чалавек, на жаль, звесткі пра многіх з іх (год нараджэння, прызыва ў войска, год смерці) не адпавядалі рэчаіснасці. Знойдзены новыя факты пра нашых землякоў – удзельнікаў грамадзянскай вайны, а таксама ахвяр рэпрэсій.
  Доўгі час Анатоль Вячаслававіч працаваў з архівам раённага ваеннага камісарыята, дзе перакапаў амаль што ўсе дакументы, якія тут захаваліся. У выніку чаго ўдалося дадаткова ўстанавіць імёны яшчэ 3179 чалавек, загінуўшых падчас Вялікай Айчыннай вайны на фронце, у партызанах і тыле… Тут жа змешчаны прозвішчы 700 чалавек, якія былі рэпрэсіраваны на тэрыторыі раёна.
  Вядома, што народ, які не памятае свайго мінулага, не мае будучыні. Спадзяёмся, што працы А. В. Крачкоўскага аднойчы стануць  даступнымі для шырокага кола чытачоў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *