Пётр Сяргеевіч Базылевіч — ветэран Вялікай Айчыннай вайны

Они живут рядом

Пётр Сяргеевіч Базылевіч, жыхар вёскі Бортнікі, быў усхваляваны:


– Гэта ж колькі ўсяго на мяне навалілася ў адзін момант, – не хаваў радасці былы франтавік. – Падарунак каштоўны ўручылі, грашовую падтрымку ад грамадскага аб’яднання «Белая Русь», віншаванні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі і старшыні Бешанковіцкага райвыканкама Л. К. Пянькоўскага з 70-годдзем вызвалення Беларусі. Дзякуй усім, вялікі дзякуй за памяць, за клопат і ўвагу…


Голас 93-гадовага «патрыярха» Бортнікаў дрыжэў ад эмоцый, якія, безумоўна, нечакана ахапілі старога, бачна было яго чалавечае хваляванне. Супакоіўшыся трохі, пачаў скарагаворкай успамінаць найбольш яркія эпізоды сваёй багатай на падзеі і факты біяграфіі.


На вайсковую службу ўраджэнец вёскі Гарадзец, што на Лепельшчыне, адправіўся ў 1940-м. І не ведаў малады хлопец, што яна зацягнецца аж да 1946-га. Асабліва ў час Вялікай Айчыннай. Першы яе дзень ён сустрэў у г. Чарнаўцы. Потым пайшлі баявыя будні, насычаныя страхам, перажываннямі, атакамі і адступленнямі.


Аднак пакрысе суровыя выпрабаванні загартоўвалі байца, прымушалі ацэньваць сітуацыю, шукаць з яе выйсце. Пакуль яму шанцавала. Праўда, толькі да 20 жніўня 1943 года, калі ў адным з напружаных баёў чырвонаармеец 71-га стралковага палка 1-га Украінскага фронта Пётр Базылевіч трапіў пад бамбёжку варожай авіяцыі. Бомбы сыпаліся адна за другой. Яны ўзрываліся ўсё бліжэй і бліжэй. Апошняя разарвалася зусім побач. Яго таварышам па зброі не павезла – загінулі. Базылевіча накрыла ўдарнай хваляй і асколкамі. Некалькі трапіла ў руку і нагу. Раненне аказалася цяжкім…


Праз некалькі месяцаў лячэння чырвонаармеец зноў апынуўся ў баявым страі.


Пасля вайны кавалер ордэна Айчыннай вайны І ступені і медаля «За адвагу» вярнуўся да сваёй мірнай прафесіі настаўніка. У 1946 годзе Пётр Сцяпанавіч прызначаецца загадчыкам і настаўнікам Фролкавіцкай пачатковай школы, потым выкладаў гісторыю ў Бортніках, якія сталі для яго другой радзімай, паколькі тут ён знайшоў сваю Лідзію Тарасаўну, верную спадарожніцу жыцця, атрымаў пляц і ўзвёў на ім хату.


Сваю прафесію Пётр Сцяпанавіч любіў, таму добрасумленна і цэласна ўсяго сябе аддаваў школе, дзецям. Так было і ў Бортнікаўскай васьмігодцы, дзе ён 33 гады працаваў спачатку намеснікам дырэктара, а потым зноў настаўнікам. Словам, працоўны стаж Базылевіча складае 52 гады. Такому стажу можна толькі пазайздросціць.


Любімы занятак Пятра Сцяпанавіча – пчолы. Гэтай справай ён займаецца ўсё сваё свядомае жыццё. І цяпер за хатай з дзясятак вулляў набярэцца, а рабочых толькі чатыры. Не можа гаспадар цяпер займацца пчалярствам на поўную сілу – зрок таму прычына. Але дапамагае пляменніца Вольга. Праўда, робіць гэта пад непасрэдным кіраўніцтвам галоўнага пчаляра. Жыве жанчына ў Піцеры, але да адзінага і любімага дзядзькі наведваецца часта.


– За пчолкамі патрэбен пастаянны догляд, тады і аддача будзе адпаведная, – пераключаецца на сваё Пётр Сцяпанавіч. – Яны, як людзі, – любяць увагу і ласку.


– Родную Беларусь мне не давялося вызваляць, затое змагаўся за Прыбалтыку… Вельмі шмат там палягло людзей, у тым ліку і ўраджэнцаў нашага раёна… А тое раненне сказваецца і цяпер, – уздыхае ветэран, – хоць часу з таго дня мінула багата…


Пасля смерці маці увесь клопат пра бацьку лёг на дзяцей – Уладзіміра і Таццяну. Думаецца, што менавіта ім абавязаны сваім даўгалеццем Пётр Сцяпанавіч. Дапамогу яму, акрамя іх, аказвае і ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Бешанковіцкага райвыканкама. Летась замянілі вокны, пераслалі і пафарбавалі падлогу ў адной палавіне хаты. І ў далейшай дапамозе не адмаўляюць. І гэта не можа не радаваць былога франтавіка і яго дзяцей.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *