Лётчык М. Т. Пляшкоў ужо не лічыцца прапаўшым без вестак

К 75-летию с начала Великой Отечественной войны

22 ліпеня 2014 года ў «Зары» быў змешчаны матэрыял пад назвай «Герояў магло быць больш», дзе расказвалася пра нашага земляка, лётчыка М. Т. Пляшкова, які прадстаўляўся камандаваннем да звання Героя Савецкага Саюза, але, на жаль, яго не атрымаў. Мы разлічвалі на тое, што на публікацыю адгукнуцца родныя героя. Так яно і здарылася.


Неўзабаве пасля выхаду газеты аўтару артыкула патэлефанавала з Мінска дачка лётчыка Ала Маркаўна. Яна паведаміла, што яе бацька ўжо не лічыцца прапаўшым без вестак, а ў 2003 годзе астанкі экіпажа перазахаваны на брацкіх могілках у вёсцы Любань Тосніцкага раёна Ленінградскай вобласці. А яшчэ пра тое, што ў вёсцы Крывое Сяло Верхнякрывінскага сельсавета пражывае 90-гадовая родная сястра земляка Марыя Тарасаўна Пляшкова і ў яе ёсць фотаздымкі брата…


Я тут жа накіраваўся па адрасе, які быў указаны Алай Маркаўнай.


Мяне сустрэлі сама Марыя Тарасаўна, яе дачка Валянціна Рыгораўна і чатырохгадовы Арцёмка, які першай даводзіцца праўнукам, а другой унукам.


– Праходзьце ў другі пакой, там больш прахалодна, – ветліва запрасілі гаспадары. А Валянціна Рыгораўна тут жа паказала некалькі фотаздымкаў свайго дзядзькі. Усе яны былі даваеннай пары.


– Раскажыце пра свайго брата, паколькі акрамя года нараджэння і смерці мы пра яго нічога не ведаем, – папрасіў гаспадыню.


– Раней бацька Тарас Нічыпаравіч, маці Наталля Дзмітрыеўна, а таксама дзеці: браты Марк, Ягор, сёстры Насця, Ганна і Марыя жылі тут непадалёку, на хутары. А ў 1934 годзе нас адтуль перасялілі ў Крывое Сяло. Вёска наша была вялікай, шмат жыхароў налічвалася, а толькі пісьменнымі былі двое – браты Марк і Ягор. Яны па сем класаў школы скончылі. Я і сястра Ганна – па чатыры. Больш не паспелі – пачалася вайна, якая адняла маіх дарагіх брацікаў…


Марыя Тарасаўна замаўчала. Паправіла на галаве каляровую хусцінку, падцягнула пад барадой завязаны вузельчык. Відаць, збіралася з думкамі, а, можа, ўспомніла загінуўшых братоў. Нарэшце, глыбока ўздыхнуўшы, прадоўжыла аповяд:


– Марк у Чырвоную Армію трапіў у 1935-м, скончыўшы ваеннае лётнае вучылішча. Потым служыў у вайсковай часці г. Старая Руса. Менавіта адтуль у 1940 годзе прыехала да нас яго жонка Лізавета Леанідаўна і забрала да сябе нашу маму (яны пажаніліся ў 1938 годзе, а 19 лістапада 1939-га ў іх нарадзілася дачка Ала). Брат хацеў забраць да сябе ўсіх нас, але вайна перашкодзіла. Дарэчы, наша мама Наталля Дзмітрыеўна вядомым чалавекам была ў свой час у калгасе. Як лепшую работніцу, яе накіроўвалі ў Маскву на сельскагаспадарчую выстаўку. Памерла маці ў 1949 годзе. Я таксама ўсё жыццё была звязана з калгасам – у паляводстве, на ферме ў Крывым Сяле працавала. Ды мы ўсе да працы звыклыя…


…У Віцебскі аблваенкамат з Санкт-Пецярбурга прыйшла вестка аб тым, што знойдзены наш зямляк, які лічыўся прапаўшым без вестак у гады Вялікай Айчыннай вайны. Тады паблізу горада ў балота ўпаў савецкі самалёт. Прайшло нямала дзесяцігоддзяў, пакуль яго рэшткі адтуль не дасталі. Пошукавікі былі нямала здзіўлены, калі ў кабіне самалёта знайшлі астанкі лётчыка і яго дакументы. Загінуўшым героем аказаўся Марк Тарасавіч Пляшкоў. Штурман 16-й Чырванасцяжнай разведвальнай авіяэскадрыллі прапаў без вестак у ліпені 1942.


У абласной газеце «Віцьбічы» з’явілася адпаведнае паведамленне. На наступны дзень у аблваенкамат пазваніў стрыечны брат М. Т. Пляшкова – Канстанцін Рыгоравіч Пляшкоў, жыхар г. п. Бешанковічы. Праз яго адшукалі родную сястру – Анастасію Тарасаўну Камінскую, якая пражывала ў вёсцы Чырвоныя Буднікі, і дачку Алу Маркаўну, жыхарку г. Мінска. Потым ў хаце Марыі Тарасаўны з’явіліся фотаздымкі брацкай магілы, дзе пахаваны брат, і мемарыяльнай пліты з прозвішчамі перазахаваных, у тым ліку і М. Т. Пляшкова.


Вось так шчасліва скончылася гісторыя пошуку загінуўшага земляка. Яшчэ ўдалося ўстанавіць, што Марк Тарасавіч акрамя ордэна Чырвонага Сцяга быў адзначаны і ордэнам Чырвонай Зоркі, які стаў першай узнагародай мужнага старшага лейтэнанта.


– У нас тут бачыце, як прыгожа? – сказала ў двары пры развітанні Валянціна Рыгораўна, пляменніца Пляшкова. – Вунь наша лазенька, а там унізе – рэчка. Калі збіраемся мы разам сем’ямі з сястрой Людмілай, то абавязкова адпачываем на беразе – і вушыцу зварым, і шашлыкі прыгатуем, і ў рэчцы пакупаемся пасля лазні. Тут раздолле сапраўднае.


Мясціны і сапраўды прыгожыя. Нездарма колішні ўладальнік вёсак Крывое Сяло і Чырвоныя Буднікі адгрохаў на супрацьлеглым беразе шыкоўны трохпавярховы цагляны асабняк. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў ім была сямігодка, якую і скончыў Марк Тарасавіч Пляшкоў з цвёрдай марай стаць лётчыкам. І дзякуй Богу, што гэта слаўнае імя не згубілася, а адноўлена. І на малую радзіму паветранага сокала яно вярнулася радаснай ластаўкай.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *