За хищение электроэнергии в Бешенковичском районе наказали более 50 человек

Правопорядок

Іх ловяць літаральна за руку, накіроўваюць дакументы ў  суд і пракуратуру, штрафуюць, за несвоечасовую аплату за карыстанне электраэнергіяй адключаюць святло ў дамах і кватэрах, называюць прозвішчы ў перыядычным друку, але знаходзяцца яшчэ аматары залезці ў дзяржаўную кішэню…   — Не паменшылася колькасць раскрадальнікаў электрычнасці і сёлета, — гаворыць інспектар энергазбыту Уладзімір Цімафеевіч Бабарэнь. – За чужы рахунак усё стараюцца жыць асобныя прыдзвінцы. Таму прыкладаў нямала…
     Таццяна Пятроўна Зайцава з вёскі Будзілава, Яўген Генадзьевіч Ціханаў з Бешанковіч вырашылі не плаціць дзяржаве за карыстанне электрычнасцю. Стварылася запазычанасць. Яе ніхто пагашаць і не думаў. Прыйшлося адключыць іх хаты і кватэры. Але і гэта ніколькі не хвалявала спажыўцоў. Падключэнне яны зрабілі самавольна, працягваючы ўжо задарма мець  святло і карыстацца ім па поўнай праграме. Прадстаўнікі энергазбыту адключылі іх і на гэты раз, а дакументы аб парушэнні накіравалі ў  суд.
   Жыхар вёскі Забелле Аляксандр Фарэонавіч Сімакоў зрабіў скрыты мантаж адпайкі ад правадоў увода пад абшыўкай хаты і бясплатна карыстаўся электраэнергіяй. Аштрафаваны амаль на тры мільёны рублёў.
   Жыхарка вёскі Стрыжава Любоў Канстанцінаўна Ярмак жыве літаральна ў “дровах”, але таксама вырашыла пайсці на падман. Выкарыстала для гэтага шнур ад пральнай машыны. З яго дапамогай і крала электраэнергію дастаткова працяглы тэрмін. За гэтым заняткам яе і злавілі работнікі энергазбыту 8 верасня 2014 года. Больш за паўмільёна рублёў штрафу яна ўжо заплаціла, дакументы  накіраваны ў пракуратуру раёна.
     Але энергазбыту даводзіцца займацца не толькі “самавольшчыкамі”. Сфера яго дзейнасці распаўсюджваецца і на такіх спажыўцоў электраэнергіі, якія несвоечасова разлічваюцца за яе выкарыстанне, а то і проста не аплачваюць гэты від паслуг.
     — За мінулы год энергазбытам было пададзена ў суд 17 іскаў, яшчэ 49 — у натарыяльную кантору для ажыццяўлення выканаўчых надпісаў, — расказвае кантралёр стала даведак энергазбыту Галіна Паўлаўна Воранава. – Агульнымі намаганнямі дзяржаве было вернута 25  мільёнаў 922 тысячы рублёў. За дзевяць месяцаў 2014 года ў суд  накіравана 20 іскаў і 38 — у натарыяльную кантору. Спагнана16 мільёнаў 212 тысяч рублёў. Але ж да канца года яшчэ хапае часу. І няма сумнення ў тым, што гэта сума павялічыцца ў разы.