Ганаровы меліяратар Бешанковіччыны — Эдуард Губко

В трудовых коллективах

Ператвараць зямлю ва ўрадлівыя сельгасугоддзі, пракладваць інжынерныя сеткі і дарогі – усё гэта паўсядзённы клопат меліяратараў. Пазней на іх аб’ектах закаласуе пшаніца, зашуміць пад летнім ветрам зялёная трава, ці, магчыма, з’явяцца новыя вуліцы і будуць пабудаваны хаты…


46 гадоў жыцця прысвяціўмеліярацыі Эдуард Мікалаевіч Губко. Ён працуе ў «Бешанковіцкім ПМС». Дарэчы, за добрасумленную працу і высокія вытворчыя паказчыкі яго імя ў гэтым годзе занесена на раённую Дошку гонару. Да таго ж Эдуард Мікалаевіч з’яўляецца «Ганаровым меліяратарам».


Шмат добрых слоў кажуць пра Э. М. Губко на прадпрыемстве:


– Ведаеце, зараз даволі рэдка сустрэнеш чалавека, які «хварэе» душой за сваю справу, – адзначыў дырэктар УП «Бешанковіцкае ПМС» І. М. Карпук. – Гэта толькі з боку здаецца, што ўсё лёгка і проста. Быць меліяратарам – прызванне.


Спецыфіка працы патрабуе ад экскаватаршчыка ўмення адрозніваць склад і стан глебы, ацэньваць яе па вонкавым выглядзе, правільна выбіраць месца для экскаватара. А калі трэба, то і адрамантаваць яго.


– Тэхніка, на якой шчыруе Эдуард Мікалаевіч, працуе як гадзіннікавы механізм, – працягвае Іван Мікалаевіч. – Гэта ўсё дзякуючы карпатлівай працы яе гаспадара, які своечасова праводзіць тэхнічнае абслугоўванне, а раз у год – грунтоўны рамонт з поўнай разборкай. Пры такім стаўленні да сваіх абавязкаў, несумненна, механізм пастаянна на хаду, увесь сезон на аб’екце.


Але гэта ўсё на рабоце… У паўсядзённым жыцці герой гэтага матэрыяла добразычлівы, тактоўны чалавек, валодае пачуццём гумару. А яшчэ Эдуард Мікалаевіч ганарыцца тым, што належыць да кагорты людзей, якіх клічуць меліяратарамі – выратавальнікамі зямлі.


– Калі дазваляе час, люблю пасядзець з вудай на беразе возера ці ракі, – шчыра прызнаўся Эдуард Мікалаевіч. – Рыбак я ўжо са стажам, без добрага ўлову не вяртаюся ні з летняй, ні з зімовай рыбалкі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *