На Бешанковіччыне спаборнічалі юныя паэты і празаікі

Творчество наших земляков

Не так даўно ў раённым Цэнтры дзяцей і моладзі ва ўрачыстай атмасферы прайшоў раённы конкурс юных паэтаў і празаікаў «Крыніца творчасці».


– Галоўнымі мэтамі гэтага мерапрыемства з’яўляюцца далучэнне падрастаючага пакалення да вывучэння гісторыі і культуры роднага краю, прапаганда багатай культурнай і паэтычнай спадчыны сваёй дзяржавы, а таксама выяўленне і развіццё творчых і індывідуальных здольнасцяў дзяцей і падлеткаў, – распавяла педагог-арганізатар РЦДіМ Іна Віктараўна Скрабло. – У конкурсе прынялі ўдзел дзеці і моладзь ва ўзросце ад 7 да 18 гадоў.


Тэмы, якія арганізатары прапанавалі для абмеркавання юным талентам, былі прысвечаны юбілею перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне: «Да 70-годдзя Вялікай Перамогі», «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся я!», «Мы – будучыня нашай краіны».


Прыемна назіраць за тым, што з кожным годам конкурс, набірае абароты, становіцца ўсё больш змястоўным. Многія яго ўдзельнікі пісалі свае работы на беларускай мове. Разыначкай сёлетняга мерапрыемства было тое, што школьнікі прадставілі на суд публікі свае музычныя творы, што вельмі ўразіла членаў журы.


І вось, нарэшце, аб’яўляюцца вынікі конкурсу. У намінацыі «Празаічны твор» першае месца заваявала Карына Жыгун (вучаніца 11-га класа Бачэйкаўскай СШ), другое месца – у прадстаўніцы той жа ўстановы адукацыі, дзесяцікласніцы Аляксандры Дармідошынай.


У намінацыі «Вершаваны твор» асалоду перамогі адчула Ксенія Галькоўская (навучэнка 9-га класа гімназіі-інтэрната), другое месца заваявала Таццяна Болтыхава (вучаніца 9-га класа Астровенскай дзіцячага сада-сярэдняй школы), ганаровае трэцяе месца – у Анастасіі Ткачэнкі (вучаніцы 11-га класа СШ №2 райцэнтра).


Не засталіся без увагі і тыя канкурсанты, што прадэманстравалі свае музычныя творы. Перамогу святкавала Карына Ружынская (вучаніца 8-га класа Астровенскай дзіцячага сада-сярэдняй школы), другое месца ў Паўла Уласенкі (вучня 8-га класа Каранеўскай дзіцячага сада-сярэдняй школы).


Таксама адзначаны граматамі за актыўны ўдзел у конкурсе юных паэтаў і празаікаў Сняжана Несцяронак (вучаніца 6-га класа Астровенскай дзіцячага сада-сярэдняй школы), Ангеліна Пушко (вучаніца 10-га класа СШ №1 райцэнтра), Марыя Асташкевіч (вучаніца 10-га класа Бачэйкаўскай СШ).


Ад сябе хочацца пажадаць вам, юныя дараванні, перамог у конкурсах і творчага натхнення. Творчасць – гэта праца, праца напружаная і мэтанакіраваная. Шукайце і знаходзьце цікавыя тэмы для сваёй творчасці. Адважвайцеся – і ваш талент абавязкова ацэняць!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *