На Бешанковіччыне ёсць надзейная змена маладых механізатараў

Мы -- молодые

Падведзены вынікі раённага спаборніцтва сярод маладых механізатараў ва ўзросце да 31 года, занятых на веснавых палявых работах, на званне «Лепшы па прафесіі». Яны спаборнічалі на ўнясенні мінеральных угнаенняў, ворыве, культывацыі, чызеляванні глебы, сяўбе збожжавых і зернебабовых культур.


Нагадаем, што спаборніцтва было арганізавана ўпраўленнем райсельгасхарчу, райкамам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, а таксама аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. У ім прынялі ўдзел 6 механізатараў ЗАТ «ААБ-Агра Наватар», па два – з ДП «ПалітаддзелецАгра», ААТ «Бешанковічы аграсервіс», ДП «ПлісыАгра» і Ульскага ліцея, па аднаму – з УП «Вядзерава» і УП «Свіціна-ВМК». Усяго 16 чалавек.


– Дадзеныя па выпрацоўцы механізатараў былі прадастаўлены непасрэдна сельгаспрадпрыемствамі, – расказвае галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Максім Іосіфавіч Антонаў. – Таму вызначыць лепшых было нескладана. Што і было зроблена калегіяльна, з абмеркаваннем кожнага прозвішча і кожнага паказчыка. Такім чынам, на падрыхтоўцы глебы перамогу атрымаў Вячаслаў Раманавіч Цапкоў, механізатар ААТ «Бешанковічы аграсервіс», які запісаў на ўласны рахунак 953 гектары.


На ўнясенні мінеральных угнаенняў лепш пашчыраваў механізатар УП «Вядзерава» Уладзімір Іванавіч Семянькоў, які апрацаваў 4382 гектары. На сяўбе збожжавых і зернебабовых культур упэўненую перамогу атрымаў механізатар ЗАТ «ААБ-Агра Наватар» Уладзімір Мікалаевіч Жыгуноў, якому скарылася плошча ў 522 гектары.


Пераможцаў шчыра павіншаваў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення райсельгасхарчу Сяргей Генадзьевіч Акуневіч і ўручыў дыпломы. Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Максім Іосіфавіч Антонаў дадаў да іх каштоўныя падарункі. Рэдакцыя газеты «Зара» прэміравала маладых механізатараў бясплатнай падпіскай на раёнку на чэрвень.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *