Адкрыта аб галоўным

Тема недели

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў інтэрв’ю прадстаўнікам недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Абяцанне правесці такі дыялог Аляксандр Лукашэнка даў на вялікай студзеньскай прэс-канферэнцыі. Кіраўнік дзяржавы адкрыта і шчыра адказаў на ўсе вострыя пытанні.


ПРЭЗІДЭНЦКІЯ ВЫБАРЫ ПРОЙДУЦЬ ПРАЗРЫСТА І СУМЛЕННА


Прэзідэнт Беларусі расказаў, што на розных нарадах на тэму арганізацыі выбараў ён заўсёды патрабуе не ствараць ніякіх перашкод для дзеянняў ініцыятыўных груп іншых патэнцыяльных кандыдатаў у прэзідэнты. «Я кажу: не чапайце, няхай збіраюць подпісы, дзе хочуць. Галоўнае, каб боек не было. Хоць правілы ўстаноўлены строгія, – адзначыў Прэзідэнт. – Не трэба нікога хапаць, нават калі яны дзесьці там неяк зачапілі гэтыя правілы. Не думаю, што вы можаце мяне і ўладу ў нечым папракнуць, што не створаны аднолькавыя ўмовы».


Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў, што ні ў якім разе не зацікаўлены ў тым, каб патэнцыяльныя канкурэнты сышлі з дыстанцыі. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што асобныя прэтэндэнты нават не зацікаўлены ў рэальнай перадвыбарнай барацьбе.


ГАЛОЎНАЕ – БЯСПЕКА ГРАМАДСТВА І ДЗЯРЖАВЫ


«Калі сюды прыйдуць з мячом, ад мяча і загінуць. У гэтым самы галоўны абавязак Прэзідэнта Беларусі. Вы мяне часта крытыкуеце, пачынаючы ад рабочых месц, зарплат і гэтак далей, забываючы аб тым, што ў тым ліку і вы павінны гэтым займацца. Перш за ўсё грамадзянін павінен сам аб сабе паклапаціцца, каб сям’ю накарміць», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.


«Але самы галоўны абавязак Прэзідэнта – гэта бяспека грамадства і дзяржавы. Гэта галоўнае. Можна месяц, два або тры не атрымліваць зарплату, і народ табе гэта даруе, але калі ты здасі суверэнітэт і незалежнасць дзяржавы, гэтага народ ніколі не даруе і не забудзе», – дадаў Прэзідэнт.


ЗАРПЛАТЫ ВЕРНУЦЦА НА ДАКРЫЗІСНЫ ЎЗРОВЕНЬ


«І мне вельмі хацелася б, асабліва ў гэты перыяд, каб у нас зарплата была вышэйшая. Але сітуацыя складваецца, перш за ўсё па аб’ектыўных прычынах, такім чынам, што мы гэту зарплату на высокім узроўні трымаць не можам. Тым больш, мы яе строга прывязалі да прадукцыйнасці працы. Няма вытворчасці, рэалізацыі або ёсць у малых аб’ёмах – такая і зарплата. Грошы друкаваць мы не будзем. Таму такая склалася сітуацыя», –заявіў Прэзідэнт.


«І тое, што вы гаворыце, што, вось я абяцаў зарплату… Так, абяцаў 500 долараў. І мы яе пераўзыходзілі значна. Цяпер крыху ніжэй. Але я ўпэўнены, што літаральна на працягу 1-2 гадоў мы перасягнём гэту зарплату, мы вернемся на той узровень зарплат, які ў нас быў учора. Гэта я вам магу дакладна абяцаць. Нават калі будзе сітуацыя на нашых традыцыйных рынках такая, як цяпер, або пагаршацца», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.


АБ КУРСЕ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ВАЛЮТЫ


Прэзідэнт падкрэсліў, што неабходнасць 30-працэнтнай дэвальвацыі нацыянальнай валюты ўзнікла ў першую чаргу па знешніх прычынах. Да гэтага аналагічныя працэсы адбыліся ў Расіі, Казахстане, Украіне. «Гэта нашы асноўныя рынкі, куды мы прадаём прадукцыю. Мы не маглі трымаць нават па гэтых прычынах, –адзначыў Прэзідэнт. – І не стрымліваем цяпер. Вы гэта ведаеце. Абсалютна нідзе. Ніякіх інтэрвенцый Нацыянальнага банка. Як складваецца, так і складваецца цана нашай нацыянальнай валюты. І так будзе заўсёды. У гэта вы можаце паверыць, таму што ў нас няма лішніх грошай і золатавалютных рэзерваў, каб падтрымліваць моцную валюту».


РАЗЛІЧЫМСЯ ПА ДАЎГАХ БЕЗ НОВЫХ ПАЗЫК


Гаворачы аб выплатах па знешніх даўгах, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што адпаведныя сродкі прадугледжаны ў бюджэце. «Мы гэтыя грошы знойдзем, збяром і выплацім», – сказаў ён.


«Ва Уфе з членамі ўрада, якія гэтым пытаннем займаюцца, мы далі сабе клятву (я не гаварыў аб гэтым раней): мы за пяць гадоў вырашым праблему даўгоў і на працягу пяці гадоў плануем, разлічыўшыся па даўгах, абыходзіцца без пазык», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.


Паводле яго слоў, у Беларусі ўжо не трэба ў вялікіх аб’ёмах штосьці рабіць у эканоміцы, у тым ліку для мадэрнізацыі прадпрыемстваў, як раней.
Беларусь – незалежная дзяржава
«Мы жывём у сваёй дзяржаве, і сёння рэальна можна гаварыць аб незалежнасці, – адзначыў Прэзідэнт. – Не таму, што мяне насцярожвае, як вы часта пішаце: Расія, Пуцін, сувязі з украінскімі падзеямі. Я абсалютна сумленна не разглядаю будучыню з гэтага пункту гледжання».


«Хоць аднойчы адкрыта сказаў: «Мы порах трымаем заўсёды сухім». Не важна, хто зробіць замах на наш суверэнітэт і незалежнасць. Але, я яшчэ раз падкрэсліваю, з Расіяй мы будзем ваяваць толькі тады, калі мы самі развяжам гэту вайну. Ніколі Расія не будзе ваяваць з Беларуссю», – падкрэсліў беларускі лідар.


Разам з тым Прэзідэнт заклікаў не прыпісваць кіраўніцтву і прэзідэнту Расіі той пазіцыі, якой ён не прытрымліваецца і ніколі не прытрымліваўся. «Так, мы павінны жыць у сваіх кватэрах. Расія – гэта наш брат. Я нават часта кажу – старэйшы брат. Але толькі вы паводзьце сябе, як старэйшыя браты. Калі цяжка малодшаму, то плячо падстаўце, – дадаў Аляксандр Лукашэнка. – Мы жывём няхай у агульным доме, але кожны ў сваёй кватэры».


КОЖНЫ МАЕ ПРАВА САМ ВЫБІРАЦЬ, НА ЯКОЙ МОВЕ ГАВАРЫЦЬ


«Ніхто ў нашай краіне не мае права ўказваць, на якой мове каму размаўляць. Прапаноўваць можа. Але ні ў якім разе ўказваць не можа. І я ніколі гэтага рабіць не буду», – заявіў Прэзідэнт.


Ён падкрэсліў, што гэта яго прынцыповая пазіцыя. «Мова – гэта больш, чым грошы, адзенне, харчаванне і гэтак далей. Нашы людзі яшчэ гэтага не ўсвядомілі. Але калі б іх за жывое закранулі і сталі б указваць, на якой мове размаўляць, тады людзі зразумелі б, што мова – гэта каштоўней за ўсё. І націскаць на гэта слабое месца я ніколі не стану. Кожны чалавек павінен сам выбіраць, на якой мове яму размаўляць», – упэўнены беларускі лідар.


З УКРАІНАЙ ВАЙНЫ НЕ БУДЗЕ


«Ніколі з нашай тэрыторыі ніхто не будзе атакаваць Украіну, калі гэта не будзе супярэчыць нашым інтарэсам і калі Украіна сама не нападзе на Беларусь. Я не думаю, што гэта некалі будзе», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.


Ён дадаў, што на беларуска-ўкраінскай граніцы адзначаецца мноства парушэнняў, таму беларускі бок узмацняе яе ахову. Паводле яго слоў, фіксуюцца парушэнні, пачынаючы ад кантрабанды і да пранікнення людзей са зброяй.


«Абсалютна не падтрымліваю прысутнасць ніякіх войскаў ва Украіне, не толькі расійскіх, але і амерыканскіх, наёмнікаў з Польшчы, Швецыі і іншых. Дакладна ведаю, што яны там ёсць. Не са сродкаў масавай інфармацыі Расіі», – сказаў беларускі лідар.


РАСІЯ І ЗША ПАВІННЫ СПЫНІЦЬ КАНФЛІКТ ВА УКРАІНЕ


«Расія і Амерыка павінны сесці за стол перагавораў і спыніць гэту вайну, – лічыць беларускі лідар. – Гэта галоўнае, усё астатняе – другараднае».


Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сітуацыя кардынальна змянілася з таго часу, як ён прапаноўваў план урэгулявання сітуацыі ва Украіне. «Цяпер зусім іншая сітуацыя, яна не стала прасцей», – сказаў ён.


Паводле слоў Прэзідэнта, сёння ўсе згодны з тым, што да вырашэння сітуацыі павінны падключыцца ЗША.На яго думку, Еўропа не будзе супраць, калі пытанне будзе вырашацца ў напрамку міру.


АБ САМІЦЕ ААН У НЬЮ-ЁРКУ
«Мы рыхтуемся да гэтага візіту на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. Таму што гэта такі саміт, на якім у асноўным кіраўнікі дзяржаў будуць прысутнічаць», – сказаў Прэзідэнт.


Паводле яго слоў, паступіла прапанова двойчы выступіць у ААН: на агульнай дыскусіі і на тэматычнай.


Па матэрыялах БелТа.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *