Бешенковичский водитель-продавец один из лучших в своём деле

Человек и его дело

Ледзь прачнецца сонца, а ён ужо на нагах. Ізноў спяшаецца на працу. Загружае машыну, сочыць, каб усё было на сваім месцы. Калі пагрузка завяршылася, сядае за руль. І вось, нарэшце, радасна завурчаў матор, а за вокнамі пабегла пярэстай стужкай дарога. Так у вадзіцеля-прадаўца аўтамагазіна Віктара Мікалаевіча Шыпулі (на здымку) пачынаецца амаль кожны ранак на працягу вось ужо 14 гадоў. Мужчына прызвычаіўся працаваць хутка. Гэта ж не жарт, трэба паспець забяспечыць прадуктамі ад 12 да 14 вёсак, а яшчэ дакладна выканаць графік, каб людзям не прыйшлося доўга чакаць.


За час працы Віктар Мікалаевіч ужо вывучыў, каму што патрэбна, з павагай адносіцца да кожнага. З пакупнікамі сумленны працаўнік заўсёды ветлівы. Ды і яны пры сустрэчы не абмінаюць, абавязкова выказваюць падзяку.


– Для мяне самае галоўнае – не толькі выканаць усе заказы, – адзначае мужчына. – Я імкнуся зрабіць так, каб народ разыходзіўся ў добрым настроі. Калі ж хто з жыхароў (а гэта ў асноўным людзі пажылыя, узрост якіх перавышае 70 год) не можа прыйсці сам, спыняюся ля хаты.


Сядзець і сумаваць Віктару Мікалаевічу не даводзіцца. Вольнага часу амаль няма. Бывае, што нават і ў выхадны дзень ён знаходзіцца на працы, рамантуе сваю тэхніку.


– Дзякуй Богу, дзеці ўжо дарослыя, – расказвае мужчына. – Жонка звыклася, разумее і не злуецца на мяне, асабліва, калі дадому прыходжу позна. Яна ведае: сядзець без справы я не магу. За дзень набегаюся так, што ногі гудуць, а ўвечары пакуль выгружу тавар з машыны, прыбяру яе, дык ужо і цёмна.


Пытаюся ў Віктара Мікалаевіча, чым будзе займацца, калі пойдзе на заслужаны адпачынак, а гэты незвычайна сціплы і добразычлівы чалавек толькі загадкава ўсміхаецца. Магчыма, гэта будзе праца на гародчыку альбо што-небудзь іншае. Упэўнена, ён прыдумае, куды накіраваць сваю невычэрпную энергію.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *