В Улльском лицее чествовали лучших

Мы -- молодые

1 верасня Дзень ведаў адзначылі і ў Ульскім прафесійным ліцэі. У бягучым навучальным годзе прафесійную адукацыю тут атрымліваюць 255 навучэнцаў, на першы курс залічаны 103 юнакі і дзяўчыны.


З нагоды Дня ведаў у навучальнай установе адбыўся ўрачысты сход. Віталі выхаванцаў ліцэя намеснікі дырэктара па вучэбна-вытворчай і выхаваўчай рабоце Марыя Іванаўна Лямнёва і Віктар Уладзіміравіч Пясецкі. Слова трымала і першы сакратар РК ГА «БРСМ» Таццяна Аляксандраўна Жукоўская.


– Ульскі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці імя Л. М. Даватара вядзе сваю гісторыю ад вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі, створанага ў 1953 годзе ў Бешанковіцкім раёне, – нагадала Марыя Іванаўна. – Больш за шэсць дзесяцігоддзяў падрыхтоўкі неабходных АПК спецыялістаў дарагога каштуюць. Бо за гэтыя гады са сцен ўстановы адукацыі іх выйшла больш за 20 тысяч! Сёння ліцэй ажыццяўляе падрыхтоўку рабочых кадраў на дзённай форме навучання і бюджэтнай аснове па 10 спецыяльнасцях, 13 адзінкавых кваліфікацыях сельскагаспадарчага, тэхнічнага і будаўнічага профілю.


Для забеспячэння навучальнага працэсу абсталяваны 24 кабінеты, 28 лабараторый і вучэбна-вытворчых майстэрняў. Маецца аўтадром, навучальная гаспадарка. Парк сучаснай тэхнікі, а гэта 24 аўтамабілі, 26 трактароў і 5 камбайнаў, у поўнай меры дазваляе навучэнцам спасцігаць на практыцы свае будучыя прафесіі.


Таксама ў ліцэя маюцца дамоўленасці з некалькімі каледжамі, дзе выпускнікі могуць бясплатна працягнуць адукацыю (некаторыя нават вяртаюцца назад працаваць майстрамі вытворчага навучання).


Як адзначыў Віктар Уладзіміравіч, спорту і фізічнай культуры ў ліцэі надаецца дастатковая ўвага: ёсць трэнажорная і дзве спартыўныя залы, зала для заняткаў настольным тэнісам, цір. Акрамя традыцыйных секцый і гурткоў маецца прастора для заняткаў тэхнічнай творчасцю. поспехі навучэнцаў у вынаходніцкай і рацыяналізатарскай дзейнасці неаднаразова адзначаліся на рэспубліканскім узроўні.


Словам, у Ульскім дзяржаўным прафесійным ліцэі прадастаўляюцца ўсе магчымасці для цікавай вучобы, рэалізацыі талентаў і здольнасцяў. І гэтыя словы навучэнцы пацвярджаюць сваімі справамі.


Прыемным момантам урачыстага сходу стала ўручэнне падзякі і спецыяльнай стыпендыі, якая зацверджана па лініі прафсаюза работнікаў АПК і прызначаецца за поспехі па агульнаадукацыйных прадметах і спецыяльных дысцыплінах, за актыўны ўдзел у жыцці ліцэя. Па выніках вучобы за другі семестр 2015 года яна была ўручана навучэнцу групы №9 Дзмітрыю Дзмітрыевічу Усаву. Ён вучыцца на другім курсе і спасцігае некалькі спецыяльнасцяў: слесар па рамонце сельгасмашын і абсталявання 2-га разраду, трактарыст-машыніст сельгасвытворчасці катэгорый «А» і «В», вадзіцель аўтамабіля катэгорыі «С», электразваршчык ручной зваркі.


– За час вучобы ў ліцэі Дзмітрый зарэкамендаваў сябе як навучэнец з высокімі здольнасцямі, заняткі наведвае ахвотна і без пропускаў, цікавіцца як спецыяльнымі дысцыплінамі, так і прадметамі агульнаадукацыйнага цыкла, – расказвае В. У. Пясецкі. – Дысцыплінаваны і адказны малады чалавек, займаецца спортам. З аднагодкамі і педагогамі паважлівы і тактычны, шануе сяброўскія адносіны. Прымае актыўны ўдзел у інфармацыйных гадзінах, выхаваўчых мерапрыемствах, спартыўных спаборніцтвах, грамадскіх справах, ахвотна выконвае ўсе даручэнні куратара. Дзмітрый праяўляе зацікаўленасць і ініцыятыву ў калектыўных справах, валодае арганізатарскімі здольнасцямі. Думаецца, для сваіх аднагодкаў ён можа шмат у чым быць прыкладам.


Нам жа застаецца павіншаваць мэтанакіраванага юнака, а ў яго асобе і ўсіх навучэнцаў Ульскага ліцэя, а таксама педагагічны калектыў установы адукацыі з пачаткам новага навучальнага года і пажадаць творчых поспехаў, здзяйснення самых амбіцыйных планаў, хай сонца дорыць вам усмешкі, а шчасце будзе цераз край.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *