Для учителя-дефектолога из Бешенкович главная награда — улыбка ребёнка

Человек и его дело

Ірына Арнольдаўна Астапчык – настаўнік-дэфектолаг з 25-гадовым стажам працы. Наколькі цікавая і складаная гэта прафесія? Жанчына знайшла некалькі хвілін для размовы з карэспандэнтам «Зары», каб падзяліцца сваім меркаваннем. У цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі настаўніца працуе з 2003 года. Яна не шкадуе, што выбрала такі лёс.


– Дэфектолагам працавала цёця, – кажа Ірына Арнольдаўна. – Мне падабалася назіраць, як яна рыхтавалася да заняткаў, знаходзіла прыгожыя малюнкі, цікавыя заданні для дзяцей. Таму, выбіраючы прафесію, не сумнявалася.


Зараз Ірына Арнольдаўна працуе з 20-ю малымі ад года да шасці. На заняткі зусім маленькія прыходзяць з маці. Часта ж бывае, што дзіця не вымаўляе гук «р», а маці не ведае, як яму дапамагчы. Тады жанчына паказвае, як гэта зрабіць. З маленькімі дзецьмі настаўніца працуе па 15 хвілін, са старэйшымі – 30.


– Працаваць не заўсёды лёгка, – заўважае Ірына Арнольдаўна. – Але вынікі радуюць. Мы і бацькоў вучым радавацца кожнаму гуку, кожнаму дзіцячаму кроку.


Дырэктар цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Алена Іванаўна Мароз расказвае пра настаўніцу, як пра актыўную, творчую асобу, працавітую гаспадыню. Да гэтых слоў далучаецца і намеснік дырэктара Наталля Мікалаеўна Грынь, якая адзначыла, што Ірына Арнольдаўна заўсёды ў курсе ўсіх новых методык. Яна выкарыстоўвае інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, а таксама з’яўляецца кіраўніком раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў-дэфектолагаў, дзе і дзеліцца сваім вопытам. А перадаваць ёсць што, бо вынікі карэкцыйнай працы высокія: у 50% дзяцей, з якімі займаецца настаўніца, удаецца выправіць парушэнні.


Бацькі Ірыне Арнольдаўне давяраюць, бо ведаюць, што іх дзеці – у надзейных руках.


– Мне хацелася дапамагаць менавіта асаблівым дзецям, гаворыць настаўніца. – Так, праца цяжкая, але цікавая. Аднойчы ўбачыўшы на вуснах дзіцяці ўсмешку, разумееш: вось яна, мая найлепшая ўзнагарода.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *