Придвинская учительница Т. Д. Рубис относится к искусству с любовью

Человек и природа

Напэўна, шмат хто любуецца кветкамі на клумбах, калі ідзе, напрыклад, каля Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ці каля сярэдняй школы №1 райцэнтра. Аднак мала хто ведае, чые спраўныя рукі паклапаціліся, каб мы маглі назіраць гэтую прыгажосць.


Цудоўныя клумбы створаны натхненнем і працай настаўніка выяўленчага мастацтва і чарчэння сярэдняй школы №1 Таццяны Данілаўны Рубіс. Гэта незвычайная жанчына з добрым сэрцам і творчым уяўленнем. Яна нікому не адмовіць у дапамозе. Калі людзям хочацца ўбачыць нешта неверегодна цудоўнае, казачна прыгожае, то яны звяртаюцца да Таццяны Данілаўны. Жанчына і нам не адмовіла ў размове.


– Маляваць я любіла з самага дзяцінства, – расказвае Таццяна Данілаўна. – У 2-м ці 3-м класе гартала часопісы з партрэтамі акцёраў, любавалася імі, а потым паспрабавала маляваць людзей. Пазней захапілася прыродай. Спадабалася маляваць расліны і кветкі.


З цягам часу дзіцячыя захапленні сталі імкненнем да мастацтва. Таццяна Данілаўна паехала ў Магілёў, дзе скончыла педагагічнае вучылішча. Затым – у Віцебск, там паступіла ў педагагічны інстытут (цяпер ВДУ імя П. М. Машэрава) на мастацка-графічнае аддзяленне. Калі вучоба закончылася, папрацаваць давялося шмат дзе. Спачатку выхавацелем у дзіцячым садку, потым загадчыкам. Але ўсё роўна лёс прывёў у школу.


– Ужо, напэўна, каля 40 гадоў працую настаўнікам, – заўважае жанчына. – Бывае, малюю для сябе, у асноўным пейзажы, але рэдка. Вольнага часу амаль няма.


Ды і не дзіва, бо адкуль яму ўзяцца? Таццяна Данілаўна ўся ў ландшафтным дызайне – афармляе клумбы. Гэта яна ўпрыгожыла тэрыторыю каля свайго дома, а таксама вакол школ, дзе працавала. Дырэктар СШ №1 В. У. Марціновіч характарызуе Таццяну Данілаўну як сціплага, шчырага, уважлівага, адказнага працаўніка. Дзякуючы яе стараннасці, на тэрыторыі школы красуюцца прыгожыя кветнікі, альпійская горка, ёсць нават сухі вадаём з мастком у японскім стылі.


– Маім імкненнем заўсёды была актыўная дзейнасць, – кажа настаўніца. – Цяпер жа, калі дачка Іра і сын Ігар ўжо дарослыя, маюць свае сем’і, увесь час аддаю мастацтву.


Займаючыся кветкамі ці каменьчыкамі, жанчына нярэдка забывае пра час і затрымліваецца на працы. У тым, што атрымалася пасля, бачна рука майстра. Кусцік да кусціка, кветачка да кветачкі.


Разам з настаўніцай разглядаю акуратныя клумбы, хаджу па мосце, дакранаюся да парэнчаў. На вуліцы, пакуль не закончыўся перапынак, гуляюць дзеці. Разумею, што без усяго гэтага хараства вакол школы было б неяк няўтульна.


Як асоба творчая, Таццяна Данілаўна не спыняецца на дасягнутым. Шчаслівая маці і бабуля, яна і зараз цікавіцца часопісамі, заўсёды ў курсе розных навінак дызайну. Мае шмат планаў наконт афармлення будучых кветнікаў. Так што сядзець без справы і сумаваць не даводзіцца, бо ствараць прыгожае – яе прызванне.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *