Придвинская мастерица

Человек и его дело

Ніткі, каляровая тканіна, папера і шмат-шмат работ – усё складзена акуратна. Некаторыя работы вісяць у рамцы на сцяне, іншыя выстаўлены на шафе. Адразу бачна ўмелая гаспадарская рука. Гэты прыгожы творчы парадак назірала ў Бачэйкаўскай сярэдняй школе ў кабінеце настаўніцы працоўнага навучання, чарчэння і выяўленчага мастацтва Зінаіды Мікалаеўны Мураўскай. Пра сваю творчую дзейнасць жанчына і расказвала цікава. Заслухалася, нібыта вучань на ўроку, нават не хацелася развітвацца.


Стаць настаўнікам Зінаіда Мікалаеўна вырашыла яшчэ ў вучнёўскія гады. Заўсёды падабалася дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, а яшчэ геаметрыя. Таму невыпадкова пасля заканчэння ў 1979 годзе школы пайшла па слядах настаўніка выяўленчага мастацтва і музыкі В. М. Пясоцкага. Шлях прывёў у Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя С. М. Кірава (цяпер ВДУ імя П. М. Машэрава) на мастацка-графічны факультэт. У 1984 годзе маладая настаўніца прыехала на радзіму. Пачынала працаваць выхавацелем групы падоўжанага дня. Была і псіхолагам, і настаўнікам малодшых класаў. Зінаіда Мікалаеўна мае больш за 30 гадоў працоўнага стажу, і ўсе яны цесна звязаны з мастацтвам, творчасцю.


– Бывае па-рознаму: складана і не, – заўважае настаўніца. – Праяўляем цуды вынаходлівасці. Але галоўнае ў нашай працы – любіць дзяцей, тады ўсё задуманае атрымаецца. Што да майго захаплення вышыўкай і вязаннем, то ўсё ідзе з дзяцінства. Вучылася ў маці і ў школьных настаўнікаў. Цяпер жа хачу навучыць вучняў усяму, што ведаю і ўмею сама. У нас ёсць гурток «Домовёнок», дзе мы ствараем арыгамі, выцінанкі і многае іншае. Асвоілі з дзецьмі новую тэхніку канзашы, прыдуманую японскімі рамеснікамі.


Зінаіда Мікалаеўна паказала цудоўныя кветкі, выкананыя ў гэтай тэхніцы. На момант яны, квадраты з тканіны, ператвораныя ў пялесткі, нават здаліся жывымі…


Цікавасць да шыцця праяўляюць і хлопцы. Настаўніца рада ўсім, з задавальненнем паказвае, як трэба абыходзіцца са швейнай машынкай, нікому не адмовіць у дапамозе.


– Майструем тое, што дзецям хочацца, чаго прагне душа, – кажа Зінаіда Мікалаеўна. – Потым прымаем удзел у розных конкурсах. Столькі ўсяго адбываецца, што нават не заўважаеш, як хутка ляціць час. Мае вучні становяцца выпускнікамі. Да кожнага прывыкаеш, жывеш іх праблемамі, перажываеш, таму і крыху сумна робіцца, калі пасля школы адпускаеш у дарослае жыццё. Многія былыя вучні часта наведваюць, асабліва летам, віншуюць са святамі. Не за гарамі ўжо чацвёрты выпуск. Як можам, дапамагаем маладому пакаленню.


Настаўніца разважала пра жыццё, узгадвала юнацтва, час, калі з’явілася сям’я.


– Раней мы з мужам Станіславам Васільевічам жылі для сябе, – гаворыць жанчына. – Потым – для дачкі Аксаны і сына Артура, цяпер трэба жыць для Стасіка і іншых будучых унукаў.


Такое вось жыццё ў чалавека: не ведаць, што здарыцца заўтра, затое радавацца дню сённяшняму, людзям, што спалучаюць у сабе вопыт, мудрасць, творчую адоранасць, чуласць і разуменне.


Вельмі хацелася яшчэ затрымацца, паслухаць слушныя парады. Але… звініць школьны званок, склікае дзяцей на ўрок. Яны спяшаюцца: хто з буфета, хто – са сталовай. Падсілкаваліся – і далей здабываць веды, удасканальвацца, развівацца, праяўляць сябе творча.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *