Влюблённая в свою работу

Человек и его дело

Раніца. На гадзінніку — палова пятай, а гэтая гаспадарлівая жанчына збіраецца на працу, што даўно ўжо зрабілася сэнсам яе жыцця.


— Для мяне гэта яшчэ і хобі, — жартуе загадчыца малочнатаварнай фермай «Вядзерава» Фаіна Якаўлеўна Жаркова, якая мае 20 гадоў працоўнага стажу.


Пасля заканчэння школы жанчына вучылася ў швейным вучылішчы ў Віцебску. Праз пэўны час пайшла ў саўгас-тэхнікум у Лужасна. Затым, у 1986 годзе, лёс прывёў яе ў калгас «40 год БССР». Раней працавала ў Жыгалах. Цяпер — у Вядзераве.


На ферме каля 1100 галоў жывёлы. Аднак Фаіна Якаўлеўна ўсё паспявае кантраляваць і прыглядваць за парадкам. Прыслухоўваецца да заўваг іншых ды і сама дапаможа слушнай парадай. Людзі разумеюць, на ўсё рэагуюць спакойна.


— Гэта ж не жарты, трэба прайсціся, усіх жывёл пералічыць, раздаць камбікорм, — кажа загадчыца. — Потым зноў прайсціся, паглядзець, хто добра есць, хто — не, ці не захварэла якая. Яны ж ўсе аднолькавыя. Цяляты, дык увогуле як малыя дзеці. Іх таксама нельга не любіць. Тут я знаходжуся ўвесь час. Выхадныя бяру толькі тады, калі дома нешта трэба зрабіць тэрмінова. Надоўга не хочацца пакідаць маіх каровак і цялятак. Для мяне яны — самыя-самыя.


Дадому (а жыве жанчына ў вёсцы Жыгалы) з’яўляецца гадзін ў дзесяць вечара. Перад тым, як пайсці, яна яшчэ раз пройдзецца па ферме, перакінецца словам з работнікамі. Толькі потым са спакойнай душой пакідае працу. Дома ў маёй субяседніцы маецца гаспадарка: конь і куры, якім таксама неабходна ўвага.


— Мае сыны Аляксей і Мікалай сталі дарослымі, у кожнага ўжо ёсць свая сям’я, — кажа Фаіна Якаўлеўна. — Я ўжо бабуля, радуюся ўнукам Арцёмку і маленькай Уладзе. Дзеці заўсёды прыязджаюць на выхадныя, дапамагаюць: ці сена нарыхтаваць, ці дровы пакалоць. Для мяне гэта і ёсць шчасце.


Не шкадую, што жыццё ідзе ў такім накірунку. Мне падабаецца, і на працу я іду як на свята. Люблю ствараць радасць. Калі добра ўсім вакол, значыць, добра і мне.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *