Восеньскі вернісаж прошёл на Бешенковиччине

2017 год - Год науки

Спадарыня восень перадала свае паўнамоцтвы ў рукі зімы. Ад былога залатога ўбрання засталіся толькі ўспаміны. Пазіраючы на шэрае неба, адчуваеш, як на сэрцы робіцца самотна. А так хочацца нечага яркага, каляровага, каб доўгімі цёмнымі вечарамі грэцца ўспамінамі пра свята. Адным з такіх незабыўных імгненняў стаў канцэрт «Восеньскі вернісаж». Для прысутных (вучняў 5-8 класаў сярэдняй школы №2 райцэнтра) ён сімвалізаваў заканчэнне восені, але быў не кропкай, а задуменным шматкроп’ем.


Педагогі і вучні Бешанковіцкай дзіцячай школы мастацтваў нікому не далі засумаваць, падарыўшы чароўныя імгненні замілавання. Песнямі здзіўлялі Анастасія Гладкова, Варвара Чаплінская, Марыя Сяргеева, Таццяна Ерафеева, а таксама Вольга Сергіенка. Валянціна Жукава ўразіла танцам «Цыганачка». Неверагодна, але ў зале пасля гэтага быццам пацяплела. Годна выступілі ансамбль лыжкароў і ансамбль віяланчэлістаў, а дуэты саксафаніста Аляксандра Казлова і трубача Юрыя Рагеля, баяністаў Кацярыны Сулімавай і Алены Ядрэўскай надоўга захапілі гледачоў. На «дэсерт» засталіся нумары ў выкананні ансамбля народных інструментаў і «Вулічныя танцы» класа харэаграфіі Любові Вятчынінай.


Восень натхняе многіх пісьменнікаў і паэтаў. Яе прыгажосці прысвечана незлічоная колькасць твораў. Адны людзі знаходзяць восенню спакой, ледзь улоўны водар кветак, другія – меланхолію, і кожны – ціхую прыгажосць. Прырода спынілася ў прадчуванні рашучых дзеянняў зімы, а творчыя людзі – не. Дзякуючы ім напярэдадні снежаньскіх маразоў у нас захаваецца маленькі кавалачак восеньскага хараства.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *