Бешенковичские гимназисты праздновали Международный день родного языка

Мы -- молодые

21 лютага ў свеце адзначаўся Міжнародны дзень роднай мовы. Ён быў абвешчаны UNESCO 6 гадоў таму. З ініцыятывай увесці такі дзень выступіў Бангладэш. 21 лютага 1957 года, адстойваючы права вучыцца на роднай мове, там загінулі пяць студэнтаў. 21 лютага – яшчэ адна нагода задумацца аб лёсе роднай мовы і беларусам.


Не абмінула цудоўнае свята і Бешанковіцкую гімназію-інтэрнат. У нас прайшоў святочны канцэрт, прысвечаны Дню беларускай мовы.


«Не ведай болей войнаў, болю, слёз…», – жадала сваёй роднай зямлі ўжо знаёмае Бешанковічам трыа “Хвалі”(Лізавета Зюлькова, Дар’я Даўгяла і Ксенія Малец). Галоўная прыкмета народа – тэрыторыя і мова. Паклапаціўшыся пра адно, мы зможам захаваць іншае. Дзяўчаты таксама ўразілі ўсіх выкананнем песні “Ружа кветка” а капэла.


Мова – духоўны скарб народа. Але як часта зараз мы чуем нашу родную мову? Дзеці – на ўроках беларускай мовы і літаратуры, а дарослыя – амаль ніколі. 25 лютага ў гімназіі была магчымасць пачуць “сваю, беларускую, родную, кроўную” для ўсіх. Па-першае, за гэта трэба дзякаваць Раісе Мікалаеўне Лазуцы, якая падарыла дзецям беларускую казку, арганізаваўшы цудоўны канцэрт. Па-другое, вядучым, якія без кроплі хвалявання ўзгадалі вучням і настаўнікам гімназіі, што яны – беларусы, што іх родная мова – беларуская. Многія пасля мерапрыемства яшчэ доўга гаварылі і нават маўчалі па-беларуску. Канешне, нельга пакінуць вядучых невядомымі. Атмасферу сапраўднай беларускамоўнай Беларусі дапамагалі ўзнавіць Ірына Рэц, Юлія Піскунова, Дар’я Кежа, Валерыя Ткачонак, Глеб Галец і Дзмітрый Новікаў. І па-трэцяе, кожны, каму пашанцавала трапіць на канцэрт у якасці гледача, дзякуе ўдзельнікам, натхнёным і натхняльным.


Хто з нас не любіць паэзію? Яна пераварочвае звычайныя погляды і меркаванні людзей, усё, што было нязначным, становіцца важным. І наадварот, рэчы, якія раней вылучаліся на першы план, становяцца другараднымі. Беларусу заўсёды лашчаць слух вершаваныя радкі на роднай мове. На гімназічным канцэрце гучалі вершы Петруся Броўкі “Пахне чабор” (у выкананні Яўгена Барсукова), Мікалая Мятліцкага “Дык, дзякуй…” (у выкананні Дар’і Шыдлоўскай), Яўгеніі Янішчыц “Чую тваю жаўруковую музыку…” (у выкананні Максіма Каравача) і шмат іншых. Аляксандра Корбан прачытала ўсім верш ўласнага сачынення.


А якая прыгожая беларуская песня! Кожны хоць раз у жыцці ў часіны журбы звяртаўся за дапамогай да музыкі. Але, калі шчыра, ці многія з нас слухаюць народныя песні, песні беларускіх выканаўцаў? Спевакі гімназіі даказалі ўсім, што песня на роднай мове – самая лепшая. Акрамя групы “Хвалі”, пра якіх казалася раней, захаплялі музычнымі творамі Ксенія і Марына Сяргееўна Галькоўскія. Затрымаўшы подых, зал слухаў Соню Спірыдонаву і Леру Ткачонак з 5 “Б” класа. Узрадавалі выкананнем на гітары песні “Новы дзень” Аляксандра Корбан і Мікіта Белавус. Самымі яскравымі сталі выступленні Варвары Пянькоўскай і Ксеніі Міхайлавай (песня “Бульба – гэта супер клас!”) з 5 “А” класа і Уладзіслава Крэйды, Ільі Серабро, Дзяніса Кухто (6 ”Б” клас) з песняй “Сена маладое”.


Увогуле, гэты канцэрт– адзін з тых, чый канец хацелася адцягваць усё далей і далей. Ён дапамог зразумець, што задача нашага пакалення – захаваць родную мову, не даць ёй знікнуць. Калі знікне мова, то неўзабаве спыніць сваё існаванне і ўся нацыя. Родная мова не менш каштоўная, чым усякія карысныя выкапні, яе нельга купіць або прадаць, ёй можна толькі ганарыцца і захапляцца. Калі мова папулярная і любімая, то таксама будзе і з народам, які на ёй размаўляе.


“Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!”


Аляксандра Корбан, вучаніца 11-га класа ДУА “Бешанковіцкая гімназія-інтэрнат”.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *