Бессмяротны полк

Новости района

Зімой арганізму часта не хапае вітамінаў. У выніку зніжаецца імунітэт і нас адольваюць розныя вірусныя інфекцыі. Калі чалавек мае справу з такім слізкім і ўсюдыісным ворагам, як вірус грыпу, каб зноў адчуць радасць жыцця, ён імкнецца выкарыстоўваць усю магчымую зброю ў медыцынскім арсенале.


Аднак лепшыя спосабы абараніць сябе – гэта вакцынацыя і добрая асабістая гігіена. Гэта падкрэсліла галоўны санітарны ўрач раёна Н. А. Карпушэнка: «Вірус грыпу здольны відазмяняцца, з’яўляюцца новыя штамы, якія адрозніваюцца адзін ад аднаго. Арганізм не можа іх ідэнтыфікаваць, таму і хварэе паўторна. Вакцына ж цалкам супадае са штамам зарэгістраванага віруса, так што выратуе загадзя зробленая прышчэпка».


А што рабіць тым, хто не прышчапіўся? Ніна Аляксандраўна рэкамендуе пазбягаць пераахаладжэння, апранацца цёпла, высыпацца, добра харчавацца: есці больш садавіны і агародніны (асабліва часнок і цыбулю), мяса, рыбу. Больш трэба займацца фізкультурай, здзяйсняць прагулкі на свежым паветры і сцерагчыся стрэсаў, прымаць вітамінныя комплексы. Такім чынам вы ўмацуеце імунітэт.


Калі ж вы ўсё-такі не збераглі сябе і захварэлі, то заставайцеся дома, у ложку, звярніцеся да ўрача, строга выконвайце ўсе яго рэкамендацыі, своечасова прымайце лекі. Рэкамендуецца часта піць гарачы чай або бруснічны ці журавінавы морс, мінеральную ваду.


Грып небяспечны ўскладненнямі, найперш, пнеўманіяй, бранхітам, гаймарытам, міякардытам. Акрамя таго, ён можа суправаджацца абвастрэннем многіх хранічных захворванняў. Каб засцерагчы сябе ад гэтага, не займайцеся самалячэннем. Хоць у аптэках у наяўнасці розныя супрацьвірусныя прэпараты, аднак, ставіць дыягназ і назначае лекі толькі ўрач.


Ні ў якім разе нельга пераносіць хваробу «на нагах». Па-першае, гэта шкодзіць здароўю, а па-другое, спрыяе распаўсюджванню інфекцыі. Памятайце, хуткае выздараўленне залежыць ад вашых дзеянняў. Галоўнае – заўсёды выконвайце парады медыкаў. Будзьце здаровыя!