На полях Бешенковичи агросервис работа спорится

Заботы сельские

За вокнамі мільгаюць краявіды: дамы, дрэвы, кусты. Каляровай стужкай уецца наш шлях. Імчыць машына наперад, да палёў бачэйкаўскага краю, дзе працуюць хлебаробы ААТ «Бешанковічы аграсэрвіс». Толькі што мы з замілаваннем пазіралі на тонкія постаці маладзенькіх бярозак узбоч дарогі, і вось ужо – на машынным двары ў аг. Бачэйкава. Сустракае нас галоўны аграном гаспадаркі Святлана Валянцінаўна Дзятлоўская. Разам з ёю і старшынёй райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу В. М. Долгім накіроўваемся на поле, дзе шчыруюць агракараблі, рыхтуючы глебу пад сяўбу.


– Дождж нам крыху перашкодзіў, – тлумачыць Святлана Валянцінаўна. – Мы трымаем напагатове два АКПД-6. Будзем накіроўваць іх на поле ля вёскі Жарнасекава, дзе цяпер ідзе падрыхтоўка глебы. Яна зараз крыху падсохне, і можна будзе паспрабаваць сеяць ячмень. Пакуль надвор’е спрыяе, стаяць нельга.


У гаспадарцы шмат спраў і акрамя гэтага: закончыць падкормку азімых, унесці арганічныя ўгнаенні. Аднак галоўнай задачай застаецца ўсё ж пасяўная кампанія. Да яе – асаблівая ўвага. Каб справа ішла добра і з асалодай, працаўнікоў забяспечылі двухразовым гарачым харчаваннем. Як кажуць самі механізатары: «На сыты страўнік і працуецца весялей».


Пакуль мы размаўлялі, на полі ля вёскі Жарнасекава кіпела праца. Тут завіхаліся механізатары Аляксандр Уладзіміравіч Талстой і Аляксандр Іванавіч Данілаў, занятыя на падрыхтоўцы глебы. Іх энерганасычаныя «МТЗ-3022» плылі па зямлі, нібы магутныя караблі па моры. Ірваліся ў «бой» на сваіх «МТЗ-3022» з АКПД-6 Руслан Валатко і Руслан Буявец.


Усяго ў гаспадарцы яравымі збожжавымі і зернебабовымі плануецца заняць 2900 гектараў. Па дадзеных на 21 красавіка, пакуль што засеялі 597 га (20,6%). Ячменем занялі 362 га, аўсом – 165, пшаніцай – 70. Каб выканаць план, за дзень трэба засяваць не менш за 130 га.


– Надвор’е не дае разагнацца, але мы будзем старацца, – заўважаюць аптымістычна настроеныя сейбіты.


Зямля ж, у сваю чаргу, аддзячыць шчодрым ураджаем, парадаваўшы тых, хто старанна працуе.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *