На Бешенковиччине посевная кампания в самом разгаре

Заботы сельские

Пасяўная кампанія набірае тэмпы. У дзень аграрыі Бешанковіччыны на вясновай сяўбе прыбаўляюць да 400 га. У пятніцу мы адправіліся ў ДП «ПалітаддзелецАгра». На полі за вёскай Лабачова працавала больш за 10 адзінак тэхнікі: круг за кругам аб’язджалі энерганасычаныя трактары з пасяўнымі агрэгатамі, культыватарамі і баронамі. Плошчу ў 200 га хлебаробы якасна запраўлялі ячменем, уносілі ўгнаенні.


– Хоць і востра адчуваецца дэфіцыт фінансаў, але мы прыклалі максімум намаганняў, каб адрамантаваць і выпусціць у поле ўсе 35 адзінак тэхнікі, якія ёсць у гаспадарцы, – падзяліўся дырэктар ДП «ПалітаддзелецАгра» А. І. Камовіч, якога мы сустрэлі на полі. – Ёсць запас паліва на 7-8 дзён наперад. Вырашаецца і пытанне з набыццём угнаенняў: фосфарам назапасіліся яшчэ з восені, вагон калію нядаўна атрымалі за кошт бюджэту, КАС для падкормкі азімых культур набываем праз ААТ «Віцебскі аблаграсэрвіс», а вось азот пад яравую сяўбу плануем закупіць за кошт крэдытных рэсурсаў.


Усе вясенне-палявыя работы ў гаспадарцы вядуцца ў комплексе: апрацоўка глебы, унясенне ўгнаенняў, сяўба. Створаны дзве брыгады па падборы камянёў: адна з ліку сваіх работнікаў, другую дапамог укамплектаваць цэнтр занятасці. Арганізавана падкормка азімых, работы выкананы ўжо на 60% плошчаў. Дарэчы прыйшліся і памочнікі, камандзіраваныя ў гаспадарку з іншых прадпрыемстваў. Напрыклад, прадстаўнік гімназіі Васіль Кірылавіч Кавалёнак задзейнічаны на трактары на падборы камянёў, Анатоль Дзмітрыевіч Баталка з УКП ЖКГ «Бешанковіцкі камунальнік» дапамагае жывёлаводам у Паліцах.


– Складанасцяў, вядома, хапае, але нашы хлебаробы поўныя аптымізму і жадання самааддана працаваць на зямлі, а прафесіяналізму і адказнасці ім не займаць, хоць на палях і рупіцца шмат моладзі, – працягвае Аляксандр Іванавіч. – Тон працоўнаму спаборніцтву задаюць Уладзімір Пятровіч Марозаў і Віктар Іванавіч Гарбачэўскі, якія заняты на падрыхтоўцы глебы. Якасна вядуць сяўбу Сяргей Мікалаевіч Гусакоў і Аляксей Аляксандравіч Аўчыннікаў. На ўнясенні ўгнаенняў рупяцца Ігар Леанідавіч Ткачонак і Мікалай Дзмітрыевіч Акуневіч, на падкормцы азімых на «Дзвіне» працуе Ігар Валер’евіч Зобнеў.


Па словах галоўнага агранома гаспадаркі В. Ю. Аўчыннікава, які таксама знаходзіцца ўвесь светлавы дзень на полі, на якасную і высокапрадукцыйную працу механізатараў нацэльваюць прынятыя ўмовы аплаты працы. Да таго ж, па два разы ў дзень прама на поле дастаўляюцца гарачыя абеды. У гаспадарцы паклапаціліся аб камплектацыі аптэчак, наяўнасці вогнетушыцеляў, заказалі спецадзенне для хлебаробаў.


Сяўба яравых культур і іншыя палявыя работы ў ДП «ПалітаддзелецАгра» вядуцца практычна ўвесь светлавы дзень, але дождж у выхадныя крыху прыпыніў ход работ. Аб’ём яравой сяўбы ў гаспадарцы меркаваўся на ўзроўні 1100 га, але план будзе павялічаны. У дзень палітаддзельскім хлебаробам трэба засяваць па 70 га, на старце пасяўной пакуль крыху не дацягваюць да даведзенага ўпраўленнем райсельгасхарчу задання. Але, нягледзячы на ўсе складанасці пасяўной, як запэўніў Вадзім Юр’евіч, ёсць усе шанцы адсеяцца ў аптымальныя тэрміны.