На Бешенковиччине состоялся митинг-реквием

Общество

Усе, нават дзеці, ведаюць, што самая вялікая бяда – гэта вайна. Яна прынесла шмат гора і жахаў, адабрала тысячы жыццяў. Бязлітасная. Жорсткая. Лютая. Яна знішчала не толькі мужных воінаў-абаронцаў, што паўсталі на шляху ворага, але і мірных жыхароў: старых і малых, жанчын і дзяцей. Пакуль адны гінулі на фронце, на перадавой, лёсам другіх сталі лагеры смерці, дзе нацысты здзекваліся з людзей, атручвалі іх у газавых камерах, катавалі, гвалтавалі, марылі голадам і пры гэтым прымушалі працаваць да поўнай знямогі. У зняволеных бралі кроў для салдат вермахта, праводзілі страшныя медыцынскія эксперыменты, выпрабоўвалі новыя прэпараты, а потым жывымі спальвалі ў печах крэматорыя…


Былыя вязні, якім пашанцавала дажыць да вызвалення з гэтага пекла, ніколі не забудуць фашысцкіх здзекаў. Спрабую ўявіць хаця б адзін з тых жахаў і… не магу, балюча сціскаецца сэрца. Многія былыя вязні ўзгадваюць той час неахвотна, бо цяжка расказваць пра гэта спакойна, але гаварыць усё ж трэба. Трэба, каб ведаў увесь свет, для бучыні без вайны.


У Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў ля мемарыяла, размешчанага побач з ДЛГУ «Бешанковіцкі лясгас», сабраліся прадстаўнікі ўлады, працоўных калектываў, школьнікі, каб ушанаваць памяць усіх, хто быў па-зверску закатаваны і расстраляны ў гады Вялікай Айчыннай вайны. На сённяшні час у Беларусі пражывае каля 36 тысяч былых вязняў фашысцкіх канцлагераў. На тэрыторыі нашага раёна іх 38. Чацвёра прыйшлі на мітынг-рэквіем: Валянціна Пракопаўна Лабкова, Эдуард Іосіфавіч Дубро, Марыя Дзмітрыеўна Варанкова, Ганна Іванаўна Сашнёва.


Да прысутных звярнуліся начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н. М. Апанасёнак, дырэктар РЦК В. П. Качанава, галоўны захавальнік фондаў гісторыка-краязнаўчага музея С. П. Леаненка, старшыня раёнага савета ветэранаў А. В. Крачкоўскі. Да падножжа мемарыяла ўскладзены вянок ад удзячных нашчадкаў.


Нямала слоў было сказана пра лагеры смерці. Хвілінамі маўчання ўшанавалі памяць тых, хто быў закатаваны ў фашысцкіх лагерах, загінуў, змагаючыся за вызваленне Радзімы. Не абышлося і без светлых момантаў: пажаданні здароўя былым вязням, падарункі, пранікнёнае выступленне вучаніцы СШ №2 г. п. Бешаковічы Ганны Петракоўскай.


Назаўсёды запомніўся і ліст 15-гадовай дзяўчынкі Каці Сусанінай, адрасаваны бацьку. Падчас вайны іх дом у г. п. Лёзна заняла нямецкая сям’я. С. П. Леаненка зачытаў урывак з гэтага апошняга ў жыцці дзяўчыны ліста: «…Папенька, мне сегодня исполнилось 15 лет. Если бы сейчас ты встретил меня, то не узнал бы свою дочь. Я стала очень худенькая, мои глаза ввалились, косички мне остригли наголо, руки высохли и похожи на грабли. Когда я кашляю, изо рта идёт кровь, у меня отбиты лёгкие… Я очень боюсь Клары. Это большая и жадная свинья. Она мне один раз чуть не откусила палец, когда я из корыта доставала картошку. В комнату меня не пускают. За любую провинность хозяйка и хозяин страшно бьют… Два раза я убегала от хозяев, но меня находил их дворник… Не хочу больше мучиться рабыней у проклятых, жестоких немцев, не давших мне жить!.. Завещаю, папа: отомсти за маму и за меня…».


Да такога не застанешся абыякавым. Мінаюць дні, гады, зарастаюць сляды вайны. Вось і мітынг закончыўся, але жыве новае пакаленне, значыць, жыве і памяць пра страшную вайну, падзеі дзён, даўно мінулых…



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *