Счастье придвинской семьи Лукашевичей — в их детях

Семь «Я»

У кожнага з нас сваё, не падобнае ні на чыё іншае, уяўленне пра шчасце. Для адных яно, можа быць, у вялікім асабняку, для другіх – у вялікай і дружнай сям’і.


У Дзень сям’і мне б хацелася расказаць на старонках раёнкі пра Аксану і Паўла Лукашэвічаў і іх вялікае шчасце – шасцёра дзетак.


У 2001 годзе Аксана Пятроўна скончыла Барадзянскае прафесiянальна-тэхнiчнае вучылiшча (Рэспубліка Украiна), дзе атрымала прафесiю повара. А праз год выйшла замуж і разам з мужам пераехала жыць у гарпасёлак Бешанковічы.


Зараз жанчына – хатняя гаспадыня. Разам з мужам выхоўвае дзетак. Старэйшыя сыны – Пётр і Цiмафей – пагодкi, у 2010 годзе пайшлі разам у першы клас. Для ўсёй сям’і гэта стала вялікай падзеяй. Хлопцы з задавальненнем займаюцца ў дзіцячай школе мастацтваў па класе фартэпіяна, а таксама наведваюць спартыўную секцыю па валейболе. Дачка Надзея – вучаніца 3-га класа, таксама наведвае дзіцячую школу мастацтваў, як і старэйшыя браты, іграе на фартэпіяна. Між іншым, дзяўчынка займаецца вязаннем і маляваннем у школе. Яна з задавальненнем дапамагае маме ў выхаванні малодшых сястрычкі і братоў. Дачка Анастасія наведвае дзіцячы садок. Малодшыя дзеці знаходзяцца дома з маці. Кожнае дзіця мае пасільны для яго абавязак па доме. Хлопцы, напрыклад, і смецце вынесуць, і ў пакоі дапамогуць прыбраць, і ў магазін збегаюць.


Варта адзначыць, што Аксана і Павел – прыхільнікі здаровага ладу жыцця. У іх сям’і пануе простае правіла – ніякага брыдкаслоўя, тытуню і алкаголю. Дзяцей маладыя бацькі выхоўваюць у строгіх хрысціянскіх традыцыях, прывучаючы да працы з ранніх гадоў. Бо галава сям’і – Павел Пятровіч – бакалаўр пастарскага служэння, скончыў Кіеўскі сялянскі ўніверсітэт. Ён ва ўсім і заўсёды падстаўляе сваё моцнае плячо жонцы.


Аксана Пятроўна – адна з тых жанчын, якія ствараюць шчасце сваімі рукамі. Добрая маці, выдатная гаспадыня, працаўніца, вяжа, вышывае. Дзякуючы яе намаганням, самааддачы, ініцыятыве будуецца іх дружная сям’я, дзе пануюць любоў і ўзаемаразуменне. Няма такіх задач, з якімі яна не змагла б справіцца. Бо быць мамай – цэлая навука, а быць добрай матуляй – практычна недаступная розуму мудрасць.


Але нішто, мабыць, так не аб’ядноўвае сям’ю, як сумесныя заняткі. Лукашэвічы любяць усе разам прагульвацца, складаць пазлы і далучаюць сваіх дзетак да сямейнага чытання. У іх шмат святочных дзён, якія прысвечаны дзецям.


З высокім пачуццём адказнасці бацькі клапоцяцца пра сваіх дзяцей, прывіваюць ім працавітасць, адказнасць, павагу да старэйшых.


У 2013 годзе сям’я Лукашэвіч стала пераможцай у намінацыі «Добры дзень – гэта мы!» на рэгіянальным паўфінале абласнога агляду-конкурсу «Лепшая шматдзетная сям’я Віцебшчыны-2013». А ў гэтым годзе Аксана Пятроўна прадстаўлена да ўзнагароджання ордэнам Мацi.


Вось такое яно сямейнае шчасце. Яго не вымераць гадамі… Шчасце – проста выхоўваць дзетак, шчасце – проста быць Мамай і Татам.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *