Для придвинского механизатора техника — это святое

Заботы сельские

І адзін ў полі «воін»… Калі поле сельскагаспадарчае, а чалавек – на жалезным кані, імя якому трактар. Для механізатара ён і сябар «баявы», і карміцель, бо чалавек за яго рулём цэлы год: арэ, сее, уносіць угнаенні, збірае ўраджай. Значыць, і адносіны да добрага сябра павінны быць адпаведныя. Вось і механізатар ЗАТ «ААБ-Агра Наватар» Аляксандр Мікалаевіч Новікаў, заняты на адвозцы зялёнай масы, лічыць, што тэхніка – гэта святое.


– Яе трэба любіць, – кажа мужчына. – Гэта толькі на першы погляд здаецца, што ў жалеза няма душы. На самай справе тэхніка адчувае стаўленне да сябе. Калі механізатар адносіцца беражліва – трактар спраўна служыць верай і праўдай. Я працую на «МТЗ-3522». Гэта разумны агрэгат, працаваць на ім – адно задавальненне.


Асновы прафесіі механізатар засвоіў яшчэ ў дзяцінстве, калі назіраў за працай братоў. Тады ж прыйшла і цікавасць да тэхнікі. Родам ён з Сенненшчыны, малодшы сын у шматдзетнай сям’і, дзе выхоўвалася шасцёра дзяцей. Неяк паехаў у Талачынскі раён у госці да родных, ды і застаўся там на адзінаццаць гадоў. Мае дваіх дзетак і дзвюх унучак. Усе жывуць у Шумілінскім раёне. На Бешанковіччыну Аляксандр Мікалаевіч пераехаў зімой, бо тут бліжэй да родных, а сустрэчы з імі самыя каштоўныя і шчаслівыя. У гаспадарцы шчыруе з лютага. Ён з ліку тых, хто не ўмее працаваць не на поўную моц. У гарачы час «зялёнага жніва» яго трактар вуркоча з раніцы да ночы. І ад такой нагрузкі трактарыст атрымлівае задавальненне.


– Люблю працу, – усміхаецца механізатар. – Калі табе падабаецца гоман трактара, пах узаранай зямлі, калі вабяць абшары палёў, можна працаваць хоць кругласутачна. Часам бывае шкада, што арганізму патрэбны сон. Да новага месца я прызвычаіўся. У аг. Верхняе Крывіна мне далі дом. Асабліва мяне ўразіла і спадабалася, што тут вельмі добра ставяцца да людзей. Вось і калектыў наш дружны, а калі так, то ўсе справы атрымаюцца. Пра што яшчэ можна марыць сёння? Вось грошы новыя з’явіліся, пажывём, а там убачым, можа, і марыць па-новаму будзем.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *