Придвинские земледельцы о работе

Заботы сельские

Сонны ранак пануе на зямлі. Спяць дрэвы, птушкі, людзі. Першым прачнулася сонца. Яно абудзіла ўсё. У адзін момант лясы, палі напоўніліся вясёлым гоманам. Штодзень гэтыя птушыныя размовы слухаюць сельскія рупліўцы, бо яны на нагах з самага ранку і да позняй ночы. Непарыўна звязаныя з прыродай, выхаваныя ў вёсцы, яны ёй жывуць. Куды б ні завёў лёс, калі пакліча родная зямля, заўсёды вяртаюцца…


Неяк у час корманарыхтоўкі мы завіталі на вядзераўскія палеткі, дзе пазнаёміліся з адказнымі працаўнікамі, якім даручылі пачэсную місію – весці касьбу. Уладзімір Іванавіч Семянькоў-малодшы і Яўген Іванавіч Лявоненка – стрыечныя браты. Акрамя таго іх аб’ядноўвае і агульная праца на карысць радзіме, і любоў да зямлі.


– Бацькі нашы тут працуюць і мы засталіся, – дзеліцца думкамі Уладзімір Іванавіч. – Абодва шчыруем на палетках гаспадаркі прыкладна з 2009 года. Чалавеку для шчасця няшмат трэба. Галоўнае – сумленне чыстае, а яшчэ – каб у сям’і быў лад. Фактычна, родныя бачаць нас толькі ўзімку, але ўжо звыкліся. Прыходзіцца рана прачынацца, позна вяртацца дадому. Спачатку цяжка было, а цяпер ужо спрацоўвае «ўнутраны будзільнік». Добра, што да працы рукой падаць, бо жывём у Астроўне. выхоўваем з жонкай дачку Ксенію. Дарэчы, у гэтым годзе яна скончыла ўжо першы клас.


– Мая ж дачушка Уладзіслава яшчэ маленькая, а вось сын Глеб сёлета ўпершыню пойдзе ў школу, – з гонарам кажа Яўген Іванавіч. – Родныя – апора, яны заўсёды падтрымаюць і ўсё зразумеюць. Вось я, напрыклад, вучыўся на сталяра, станочніка, рамшчыка, а выбраў шлях механізатара. Трэба ж камусьці і на зямлі працаваць, быць за рулём трактара.


Пагаварылі мы крыху, ды мужчыны зноў узяліся за працу, бо над зямлёй на ўсю моц свяціла сонца. Прыкрыўшы вочы рукой, глянулі на неба. На імгненне засяроджаныя твары асвятліла ўсмешка. Мусіць, абудзіліся мроі. Ды марыць некалі. Кліча праца! Кліча касавіца!



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *