В Вядерево уборку хлеба ведут шесть комбайнеров

Заботы сельские

У канцы мінулага тыдня лідарства на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур у раёне трымалі хлебаробы УП «Вядзерава», і, трэба сказаць, пазіцый яны не здаюць. Збожжавы клін у гаспадарцы складае 1325 га, ужо ўбрана 76,6% плошчаў.


— Яшчэ трохі і жніво выйдзе на фінішную прамую, калі, вядома, не перашкодзіць надвор’е. Дажджы не заўсёды даюць камбайнам магчымасць знаходзіцца ў полі ўвесь светлавы дзень, — звяртае ўвагу на прыродны фактар галоўны аграном УП «Вядзерава» Сяргей Фёдаравіч Краўчанка, якога мы заспелі разам з хлебаробамі недалёка ад вёскі Гародна. — Збожжа падсыхае, але камбайны ў полі буксуюць. На месцы дзяжурыць энерганасычаны трактар, хоць мы і пераабсталявалі камбайны на шырокапрофільную гуму, каб тэхніка магла працаваць нават на цяжкапраходных участках. Вядома, ёсць сярод іх такія, што пакідаем на фінал уборкі.


Стан рэсурснай базы ў гаспадарцы здавальняючы, усё неабходнае для нармальнай арганізацыі жніва ёсць. Інжынерная служба працуе над тым, каб у дастатковай колькасці былі паліва і запчасткі. Пад асаблівым кантролем тэхналагічныя і якасныя параметры. Вядзераўцы імкнуцца мінімізаваць страты, а яшчэ лепш — выключыць іх, сочаць за вымалатам хлебнага коласа.


А да ўдзельнікаў жніва тут адносяцца з клопатам: забяспечылі аптэчкамі, вогнетушыцелямі, спецвопраткай, арганізавалі дзяжурствы МНС на палях. Гарачыя абеды і вячэры дастаўляюцца прама ў поле. Дарэчы, УП «Вядзерава» мае ўласную сталовую, кухарыць тут Людміла Уладзіміраўна Данілава, дапамагае ёй Любоў Пятроўна Іванчанка, развозіць ежу Ірына Валер’еўна Маркевіч.


Збожжа дапрацоўваецца на сучасным зернесушыльным комплексе. Пачалі здаваць новы ўраджай хлеба ў залік выканання дзяржзаказу, які вызначаны ў аб’ёме 500 тон пшаніцы і 150 — жыта. Дарэчы, у «Вядзераве» стаўку сёлета зрабілі на азімую пшаніцу, гэтай культурай занята больш за 50% плошчаў — 772 гектары. Сярэдняя ўраджайнасць складае 25,2 цэнтнера з гектара. На патрэбы дзяржавы ўжо здалі больш за 300 тон пшаніцы.


… І ўсё ж галоўны ў полі — камбайнер. Менавіта ад майстроў хлебнай нівы залежыць зыход жніва. У «Вядзераве» ўборку хлеба вядуць шэсць камбайнераў, якіх не палохаюць капрызы прыроды. У лідарах — Леанід Фёдаравіч Іваноў, Яўген Іванавіч Лявоненка і Уладзімір Іванавіч Семянькоў-старэйшы, на іх рахунку ў чацвер было 513, 463 і 441 тона збожжа адпаведна. Прафесіяналізм, вытрымку і сілу характару хлебароба таксама дэманструюць Аляксей Ігаравіч Дзенісенка, Іван Уладзіміравіч Лявоненка і Уладзімір Іванавіч Семянькоў-малодшы.


Лепшы вынік на адвозцы збожжа належыць Уладзіміру Леанідавічу Сазонаву — 843 тоны. Мэтанакіравана працуе і малады вадзіцель Ігар Мікалаевіч Быкоўскі, на рахунку якога 787 тон збожжа. Без страт дастаўляюць хлеб з поля на элеватар Аляксандр Аляксандравіч Смычкоў, Іван Іванавіч Семянькоў. Думаецца, уклад кожнага ў агульную справу ва ўнітарным прадпрыемстве «Вядзерава» па выніках жніва, безумоўна, будзе ацэнены па заслугах.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *