23 сентября прямую линию проведёт председатель районного суда

Новости района

На машынных дварах гаспадарак чуецца буркатанне матораў. Гэта весела і шумна ідзе падрыхтоўка тэхнікі да вясенне-палявых работ. Недалёка ўжо час, калі вясенняе цяпло пакліча працаўнікоў на палеткі.


Аднак, перш чым выйсці на працу, трэба яшчэ прайсці дзяржаўны тэхнічны агляд. У гэтым годзе ён праводзіцца з 9 па 29 сакавіка, згодна з рашэннем райвыканкама. Дарэчы, калі ў якой-небудзь тэхніцы выявяцца няспраўнасці, ліквідаваць іх трэба будзе да 15 красавіка. За гатоўнасць сваіх машын перажывае кожная гаспадарка, бо ўсім хочацца, каб нават і старыя трактары выглядалі на тэхаглядзе як новенькія. Для гэтага ўсю зіму механізатары разам з інжынерамі і механікамі займаліся рамонтам.


На мінулым тыдні тэхнічны агляд прайшоў у сельгаспрадпрыемстве «Вядзерава». Механізатары па чарзе заводзілі машыны, уключалі фары. Хтосьці нават праехаў круг-другі, правяраючы спраўнасць усіх вузлоў, асабліва рулявога кіравання і тармазной сістэмы свайго «баявога» жалезнага сябра. Галоўны дзяржаўны інжынер-інспектар, начальнік Бешанковіцкай інспекцыі Дзяржтэхнагляду В. Г. Падрэз правяраў нетаропка і ўважліва, нагадваў пра бяспеку эксплуатацыі і наяўнасць дакументацыі. Пасля агляду падводзіў вынікі.


– «Вядзерава» сёння выставіла на тэхагляд каля 90% тэхнікі, якая будзе задзейнічана падчас вясенне-палявых работ, –адзначыў Віталій Генадзьевіч. – 80% з яе пацвердзіла гатоўнасць да працы. Аднак, яшчэ ёсць час, каб закончыць рамонт, бо ўсе ведаюць, што спраўная тэхніка – гэта залог поспеху ўсяго прадпрыемства.


Калі праверка закончылася, механізатары разышліся кожны па сваіх справах, як, напрыклад, Віктар Іванавіч Нікіфарэнка, адзін з тых, хто заняты вывазам на палі гаспадаркі арганічных угнаенняў. На сённяшні дзень ужо ўнесена больш за 22 тысячы тон арганікі.


– Бывае, увесну я дапамагаю і падчас пасяўных работ: дастаўляю насенне, – кажа мужчына. – Стараюся і на адвозцы ўгнаенняў, бо, чым больш іх будзе на палях, тым большы будзе і ўраджай. Некалі я працаваў на лесапагрузчыку ў горадзе Сургут, але потым вярнуўся на радзіму, якая заўсёды вабіла назад. За пяць гадоў працы ў гаспадарцы ніколі не пашкадаваў, што зрабіў такі выбар. Раніцай у пяць гадзін – пад’ём, у шэсць – ужо на працы і да дзесяці-адзінаццаці заняты справай. Потым – дадому паабедаць і адпачыць, а з двух і да шасці вечара – зноў вязу на палі ўгнаенні. Свой «МТЗ-82» люблю і берагу, таму зараз патрэбна была толькі замена паліўнай помпы ды той-сёй дробны рамонт. Вас цікавіць, чым займаўся ў вольны час? Хадзіў на возера лавіць рыбу, гэтым захапляюся з дзяцінства. Злаўлю ды, бывае, адпушчу, бо шкада яе стане. Але зараз на адпачынак няма часу. Справа кліча.


Віктар Іванавіч усміхнуўся і хуценька ўскочыў у кабіну свайго «МТЗ-82», зноў накіроўваючыся рабіць важную і неабходную працу.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *