На Бешенковиччине убирают кукурузу

Заботы сельские

У мінулым засталося лета з яго яркімі колерамі і купаннем у рацэ. На календары ўжо верасень – восені пачатак. Але прырода па-ранейшаму радуе нас летнім надвор’ем – цеплынёй «бабінага лета». Аднак захапляе восень не толькі гэтым. Яе надыход азначае і пачатак збору ўраджаю, а гэта – справа адказная. У гаспадарках раёна разам з іншымі відамі работ пачалася ўборка кукурузы, якая сёлета размясцілася на плошчы 2396 гектараў.


У пачатку тыдня накіраваліся ў сельгаспрадпрыемства «Вядзерава», дзе на ўсю моц кіпіць работа на кукурузным полі. «Царыца палёў» у гаспадарцы займае 381 гектар. Разам з галоўным аграномам Сяргеем Фёдаравічам Краўчанкам мы наведаліся на поле, дзе працуюць два кормаўборачныя камбайны «КВК-800», за штурваламі якіх шчыруюць Аляксандр Іванавіч Архіпаў і Аляксей Ігаравіч Дзенісенка. Абодва – працаўнікі вопытныя і старанныя. На іх ліку на той момант было каля 500 і 200 тон зялёнай масы адпаведна. Не падводзяць і вадзіцелі Уладзімір Леанідавіч Сазонаў, Ігар Мікалаевіч Быкоўскі, Алег Рыгоравіч Чунаеў ды Іван Уладзіміравіч Лявоненка, якія на «МАЗах» і «МТЗ-1221» аператыўна адвозяць «зялёнку» да месца закладкі.


– Ураджайнасць культуры складае каля 300 ц/га, – кажа Сяргей Фёдаравіч. – Сёлета ўраджай кукурузы абяцае быць багатым, што не можа не радаваць. Месцамі яе вышыня дасягае 2,5-3 метры, а некаторыя расліны амаль на ўзроўні даху кормаўборачнага камбайна. Мы ўжо заклалі адну траншэю прыкладна на 577 тон сіласу ў Вядзераве. Сёння пачынаем другую – на паўтары тысячы тон у вёсцы Крупеніна. Кругласутачную трамбоўку сіласу ў нас забяспечваюць на «Амкадоры» Леанід Фёдаравіч Іваноў, на «К-700» – Анатоль Іванавіч Нікіфарэнка.


Вядзераўскія працаўнікі ставяцца да справы з асаблівай адказнасцю, каб ні хвіліны не марнаваць дарма. У прадчуванні добрага ўраджаю, яны імкнуцца па максімуме выкарыстаць добрае надвор’е.


– Стараемся ўгнацца за часам, – адзначае Сяргей Фёдаравіч. – Аднак пры гэтым кожны механізатар асэнсоўвае значнасць сваёй працы, памятае пра парадак і бяспеку. У гаспадарцы восенню і работ восем. Вось паралельна з уборкай «царыцы палёў» у нас ідзе сяўба азімых, якімі занялі ўжо 300 гектараў, а яшчэ капаем бульбу…


Але гэта ўжо зусім іншая, не менш цікавая гісторыя, якую мы раскажам у наступным нумары «Зары».



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *