Мая сям’я — самая спартыўная

Творчество наших земляков

У шосты школьны дзень у спартыўнай зале нашай навучальнай установы сабраліся вучні, бацькі, настаўнікі. Тут праходзіла спартыўнае свята «Мая сям’я — самая спартыўная».


Былі сфарміраваны дзве каманды «Спартсмены» і «Чэмпіёны». Капітанам каманды «Чэмпіёны» быў абраны Дзмітрый Шалуха, бацька трэцякласніка Кірыла Котава, а капітанам каманды «Спартсмены» — брат першакласніка Івана Цыбульскага, кадэт Віцебскага кадэцкага вучылішча, наш былы вучань Андрэй Цыбульскі. Бурнымі апладысментамі не раз узрывалася зала. Журы, якое ўзначальвала Вікторыя Буявец, сястра пяцікласніка Артура Буяўца, цяжка было вызначыць мацнейшую каманду. У напружанай барацьбе за першыя шэсць эстафет («Тэнісная», «Баскетбольная», «Турыстычная», «Ручаёк», «Складзі слова», «Збі кеглі») уперад вырываліся то адна, то другая каманда. З лікам 12:12 стартавала эстафета «Хакейная». Тут перамаглі ўдзельнікі каманды «Чэмпіёны».


Як яднала сем’і спартыўная барацьба! Мамы дапамагалі сваім дачушкам і сынам, бацькі перажывалі больш стрымана. Зала замерла, калі спаборнічалі капітаны. Спартыўны вопыт Дзмітрыя Шалухі ўзяў верх. У апошніх чатырох конкурсах (калектыўнай гульні «Два агні», эстафетах «конікі», «пераправа», «камбінаваная») удача была на баку каманды «Чэмпіёны». Яны і святкавалі перамогу. Але мне здаецца, што перамога — гэта паняцце адноснае. Той запал энергіі, які атрымалі не толькі ўдзельнікі, а і ўсе, хто быў на свяце спорту, сям’і, узаемадапамогі, надоўга застанецца ў памяці. Самымі спартыўнымі прызнаны сем’і Цыбульскіх, Шалухаў (якія былі на свяце ўсёй сям’ёй), Грушыных, Груненка — Дамарацкіх.


Яўгенія Зянькова, вучаніца 6-га класа Бачэйкаўскай СШ, член гуртка «Юны журналіст».



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *