Руска-польскі савет у Бешанковічах

Творчество наших земляков

…Студзень 1708 года, Паўночная вайна. Карл ХII імкнучыся разграміць рускую армію, накіраваўся ў Беларусь. У падрыхтоўчых тэкстах да «Гісторыі Пятра» А. С. Пушкін адзначаў: «1708 год… Уся наша пяхота прыйшла ў Бешанковічы…». На чале пяхоты стаяў генерал-фельдмаршал Барыс Пятровіч Шарамецеў. Праз некаторы час для паскарэння арганізацыі паходу супраць шведаў сюды прыехаў і Аляксандр Данілавіч Меншыкаў, другая ў Расіі асоба пасля Пятра I. Напярэдадні гэтай падзеі Б. П. Шарамецеў паведамляў Меншыкаву: «Дома для прибытия вашей светлости отведены, которых лучше нет, и я свой двор очистил…».

У Бешанковічах руская пяхота апынулася невыпадкова. Мястэчка было галоўным цэнтрам маёнткаў тагачаснага іх уладальніка гетмана літоўскага Рыгора Антонія Агінскага, саюзніка рускага цара ў вайне са шведамі. Сюды Пётр I прыбыў 25 лютага 1708 г. Але перад гэтым ён аддаў загад сваім ваеначальнікам па магчымасці шкадаваць маёнткі саюзніка ад разарэння і вялікіх пабораў. Яшчэ 30 студзеня ў пісьме з Вільні Пётр I папярэджваў камандуючага войскамі Б. П. Шарамецева: «Господин фельдмаршал. С маетностей Агинского, старосты Гордовского, с местечек Кругла, Цецершин, Белынич, Славосил, Бешенкович, Лукинович, Собола лишних поборов никаких брать не вели, кроме провианту положенного» (Письма и бумаги императора Петра Великого. Пг. 1918. Т. 7, вып. 1. №2221. С. 50).

У другім пісьме Пётр I зноў напамінаў Б. П. Шарамецеву: «В маетности гетмана Агинского, где живёт жена ево, пошли на залогу унтер-офицера и вели ему там быть… И с тех маетностей поборов никому брать не вели» (Там жа. №2220. С. 50).

У Бешанковічах Пётр I шмат зрабіў па арганізацыі абароны ад шведаў, але армія ўсё ж была не настолькі моцнай, каб даць ім дастойны адпор. Тым не менш, адступаючы, яна строга прытрымлівалася ўказанняў цара і ўцягвала шведаў у чужую для іх краіну, разладжвала іх сілы, наносіла асобныя ўдары і ўдакладняла перамяшчэнне непрыяцеля. 1 сакавіка 1708 г. Пётр I з Бешанковіч пісаў Меншыкаву: «…Ежели до десятого марта неприятель не тронется, то уже, конечно, до июля не будет…» (Масловский Д. Ф. Северная война. Спб., 1892. Вып. 1. С. 54).

Затрымку шведаў трэба было выкарыстаць, каб разгадаць іх намер і падрыхтавацца да ваенных дзеянняў. Таму 10 сакавіка 1708 года па прапанове Пятра I у Бешанковічах адбыўся пашыраны ваенны савет, на якім разглядаўся план далейшых баявых аперацый супраць праціўніка, прапанаваны А. Д. Меншыкавым. Ён прадугледжваў, што палявая армія незалежна ад таго, у якім напрамку будзе рухацца Карл ХII, павінна абавязкова адступаць, поўнасцю спусташаючы край. Асаблівую ролю князь адводзіў рэгулярнай конніцы, задача якой, на думку Меншыкава, была ў нанясенні ўдараў з тылу, а нерэгулярная кавалерыя ў гэты час павінна была атакаваць флангі шведаў.

Аднак на савеце ў Бешанковічах супраць плана Меншыкава рашуча выступіў фельдмаршал Барыс Пятровіч Шарамецеў, які лічыў небяспечным раздзельнае размяшчэнне пяхоты і кавалерыі, таму што пры неабходнасці яны не змогуць прыйсці адзін аднаму на дапамогу. Цікавіла яго галоўнае пытанне: «Наша кавалерия как возможит по тем пустым и разорённым местам путь свой править?». Але ў галоўным фельдмаршал быў згодны з Меншыкавым: рускай арміі трэба адступаць.

На савеце ў Бешанковічах Пётр I зацвердзіў «Учреждение к бою по настоящему времени» — важны дакумент для навучання рускай арміі (Письма и бумаги императора Петра Великого. Пг., 1918. Т. 7, вып. 1. №2304. С. 99 — 104). У гэтай інструкцыі Пётр І развіваў ідэю палявога тактычнага навучання салдат, патрабаваў вучыць іх «справной и неспешной стрельбе» і «доброму прицеливанию» ў процівагу заходнееўрапейскім арміям, дзе перавагу аддавалі частай і непрыцэльнай стральбе, падкрэсліваў значэнне маральнай падрыхтоўкі войск, іх выхавання ў духу «подвигов воинских», патрабаваў ад афіцэраў праяўляць ініцыятыву і самастойнасць у баі, салдатам прадпісваў актыўней выкарыстоўваць ружэйныя штыкі для паражэння ворага.

Вясной 1708 г. Карл ХII рушыў свае войскі ва Усходнюю Беларусь. Ваенны савет рускай арміі пастанавіў арганізаваць абарону рэк Улы і Бярэзіны, аб чым Б. П. Шарамецеў паведаміў Пятру I 7 мая 1708 г. з Віцебска. 26 мая і 16 чэрвеня аб гэтым жа паведамляў А. Д. Меншыкаў з Улы, дзе хуткімі тэмпамі ўзводзіліся абарончыя ўмацаванні супраць шведаў.

27 мая 1708 г. Б. П. Шарамецеў склікаў ваенны савет у Чашніках, на якім было вырашана прытрымлівацца ўказанняў рускага імператара на савеце ў Бешанковічах. Генерал-фельдмаршал загадаў сваім дывізіям рухацца з Віцебска ў Чашнікі, войскам А. І. Рапніна — у Лукомль, Аларта — у Улу, артылерыі — у Бачэйкава.

На некаторы час міжрэчча Дзвіны, Бярэзіны і Дняпра перастала быць цэнтрам ваенных дзеянняў. І тым не менш летам 1708 г. рускія войскі спынілі армію Карла ХII, якая рухалася на Маскву, пад Магілёвам. Аднак шведскія войскі нанеслі беларускаму народу вялікія страты. 12 верасня 1708 года ў данясенні шляхціца Шулборскага генерал-маёру саюзнага рускім літоўскага войска Б. С. Корсаку аб корпусе Левенгаўпта адзначалася: «…По сторонам контрибуции великие берут и костёлам не спускают; уже прибегают и в наше воеводство Витепское: в Бешенковичах, в Островни и в Витепску были и уже несколько раз мещане витепские и островенские оным откупались…» (Труды имп. Русского военно-исторического общества. Спб., 1909. Т. 1. С. 252).

Пятнаццаць дзён, праведзеных Пятром I у Бешанковічах, цесна звязалі назву гэтага невялікага мястэчка з вялікай гісторыяй рускай дзяржавы. Дачыненне Бешанковічаў да рашаючых падзей Паўночнай вайны, адлюстраваных у працах ваенных гісторыкаў і ў бессмяротнай «Палтаве» А. С. Пушкіна, несумненна і азарае мінулае гарпасёлка водблескам тых далёкіх, але вельмі значных як для Расіі, так і для Беларусі, асабліва для Бешанковіч, гістарычных падзей.

Анатоль КРАЧКОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *