На МТФ Верховье УП Свитино-ВМК производственные показатели — на высоком уровне

Заботы сельские

На малочнатаварнай ферме «Вярхоўе» УП «Свіціна-ВМК» вытворчыя паказчыкі – на высокім узроўні. За 11 месяцаў бягучага года надоена 2429,1 т малака, прычым 93,3% – гатунку «экстра». У лістападзе ўсё малако – 202,7 т – было атрымана гатункам «экстра». Высокая і яго тлустасць – 3,8-3,9% у сярэднім. Гэта пра многае гаворыць. Такі вынік, безумоўна, заслуга ўсяго калектыву, аднак не ў апошнюю чаргу якасць малака залежыць і ад таго, як выконвае свае абавязкі лабарант Ірына Мікалаеўна Дзямешка.


Акуратная, уважлівая, працавітая – так характарызуе працаўніцу кіраўніцтва. Калі мы сустрэліся, я зразумела, што жанчына яшчэ прыемная і ўсмешлівая субяседніца. Размаўляць з ёй лёгка. Мініяцюрная з выгляду, далікатная, здзівіла сваім аптымістычным стаўленнем да жыцця. Чамусьці адразу з’явілася ўпэўненасць: Ірына Мікалаеўна – з тых, хто ніколі не падвядзе. З аднолькавым поспехам спраўляецца з абавязкамі лабаранта, а акрамя гэтага, дакладна вядзе ўсю дакументацыю, сочыць за чысцінёй не толькі лабараторыі, але і малочных залаў (а іх дзве), ахаладжальных танкаў. Без прыкрас жанчына распавядала, як трапіла ў наш край, адкуль родам.


– Нарадзілася і жыла я ў Эстоніі, – пачала расказваць Ірына Мікалаеўна. – У сям’і нас пяцёра: тры сястры, брат і я – самая малодшая. Маці і зараз там жыве, і ўсе родныя. Як трапіла сюды? Прыехала ў Віцебск вучыцца, а на практыку – у тагачасны калгас імя Карла Маркса. З будучым мужам Аляксандрам Генадзьевічам пазнаёміліся на танцах. Спадабаліся адзін аднаму. Праводзіла яго ў армію, а ён служыў далёка, у Германіі. Завязалася перапіска. Гэтыя лісты і нават павестка захаваліся. Бывае, цяпер бяру іх у рукі, бо прыемна перачытаць зноў. Далей было вяселле, нараджэнне дачкі. Калі яна падрасла, на ферму якраз патрабаваўся лабарант. Так паступова, з дапамогай калег, асвоіла хіміка-тэхналагічны працэс і вось ужо 18 гадоў працую на гэтай пасадзе. Дарэчы, муж – трактарыст, шчыруе на свінакомплексе.


Атмасферай у калектыве Ірына Мікалаеўна задаволена і калег сваіх хваліць. Людзі не пакідаюць адзін аднаго без дапамогі, даюць парады. Ды і ўвогуле на жыццё жанчына не скардзіцца. Лічыць, што галоўнае – гэта здароўе, а ўсё астатняе залежыць ад самога чалавека. Працу сваю Ірына Мікалаеўна любіць і паважае, кожную партыю малака правярае старанна. Падчас размовы з твару жанчыны не сыходзіла ўсмешка. Працаўніца паказала, як вызначае тлустасць малака, за якім два разы на дзень (летам 3-4) прыязджае машына. У руках Ірыны Мікалаеўны вымяральныя прыборы былі паслухмяныя. Узяць пробу ранішняга малака, дабавіць неабходныя прэпараты, на пяць хвілін уключыць цэнтрыфугу, падцяпліць – і вось яна тлустасць – 3,6%. Менавіта з праверкі малака пачынаецца яе дзень. Скончыўшы ўсе справы, жанчына спяшаецца заняцца хатняй гаспадаркай.


– Трымаем курэй, індыкоў, авечак, катоў ды сабак, –шчыра ўсміхаецца яна. – Жывём так: дзень прайшоў, а заўтра будзе яшчэ лепш. Мой дэвіз – аптымізм. Будзеш жыццярадасным чалавекам – і ўсё атрымаецца. У мяне ёсць дачка, муж, унук, праца. Што яшчэ для шчасця трэба?



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *