Трудолюбивые работницы Придвинья

Заботы сельские

На мой погляд, адна з самых цяжкіх і, шчыра кажучы, не жаночых – прафесія жывёлавода. Нават не кожны мужчына вытрымае строгі распарадак працоўнага дня, сустракаючы на ферме світанні і заходы. Вось і мая субяседніца, Алена Васільеўна Ліноўская, аператар машыннага даення ДП «ПалітаддзелецАгра», ніколі не думала, што лёс прывядзе яе ў сельскую гаспадарку. Жанчына працуе ў даільнай зале. Разам з двума аператарамі абслугоўвае 243 каровы. За год надой на адну склаў 5658 кг, а валавая вытворчасць малака – 1143 тоны.


– У бацькоў нас было пяцёра дзяцей, я – малодшая, – пачала свой аповед Алена Васільеўна. – Усе даўно жывуць у горадзе, а ў мяне жыццё склалася па-іншаму. Наогул, я былы работнік грамадскага харчавання. Але тады для сям’і былі цяжкія часы, таму мы з мужам вырашылі звязаць жыццё з сельскай гаспадаркай. Спачатку я працавала на свінакомплексе, потым стала даяркай. Пяць гадоў назад прыехала з Вярхоўя сюды. У ДП «ПалітаддзелецАгра» працую з сакавіка 2016 года. Нам дапамаглі ўладкавацца, далі дом. Жывёлу я любіла з дзяцінства, таму боязі не было. Працаваць мяне навучылі свіцінскія даяркі Валянціна Міхайлаўна Шчука і Марыя Уладзіміраўна Бучмінская. Цяпер гэтыя жанчыны ўжо на заслужаным адпачынку, але ў той час яны добра мне дапамаглі. Вялікі ім за гэта дзякуй. Бывае, узгадваю, як вучылася ўсім няхітрым прамудрасцям, і ўсміхнуся. Паказвалі апараты, тлумачылі, што ды як. У мясцовасці, дзе я расла (Ушацкі раён), фермаў паблізу не было. Упершыню я падаіла карову, калі мне было 28 гадоў. Вядома, хвалявалася, дзесьці і не паспявала за вопытнымі даяркамі, але нічога, навучылася.


Несумненна, мы стараемся. Проста так хадзіць на працу не хочацца – нецікава. Каровак пагладзіш, прылашчыш, скажаш ім што-небудзь добрае і яны зразумеюць, паслухаюцца. Вопыт прыходзіць з цягам часу. Проста трэба мець вялікае жаданне, каб справа ішла спраўна, і сіл нямала трэба прыкласці. Вось тады і вынік будзе, і малако добрае атрымаеш. Калі абраў у жыцці пэўны занятак, то трэба аддаваць яму ўсяго сябе, без астатку, і працаваць, як мае быць. Як гаворыцца: трымаць галаву вышэй і ганарыцца сваёй прафесіяй.


У чым сэнс майго жыцця? Дзеці, а іх у мяне трое – два сыны і дачка, дарослыя. Як і любая маці, заўсёды жыла для іх, перажывала: як выхаваць, як даць адукацыю? Ды і цяпер таксама. Так што яны – галоўная мэта майго існавання. Але зараз ёсць у мяне яшчэ адна мара – стаць бабуляй, гадаваць унукаў.


Пакуль мы размаўлялі, па абодва бакі даільнай ямы пачалі размяшчацца першыя буронкі, астатнія паслухмяна чакалі сваёй чаргі. Да даільнага абсталявання яны прывучаныя, толькі насцярожана пазіралі на мяне сваімі вялікімі карымі вачыма. І не дзіва – новы, невядомы чалавек нават у жывёлы заўсёды выклікае цікавасць. Некалькі хвілін я проста стаяла, назіраючы, як спрытна рухаецца жанчына. Тут свая спецыфіка, тэмп, між іншым, даволі высокі. Гляджу і думаю: неабходная гэта праца, паважаная. Толькі не кожнаму дадзена выконваць яе так сур’ёзна, адказна, ды яшчэ і з агеньчыкам, як атрымліваецца гэта ў Алены Васільеўны.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *