В душе у придвинской работницы нет места чёрствости и равнодушию

Человек и его дело

Яе работа – не проста прафесія, гэта лад жыцця, стан душы. Тут няма месца чэрствасці і абыякавасці. Размова ідзе пра Марыну Мікалаеўну Дыбаль, якая пражывае на вуліцы Заезвінскай у вёсцы Сокарава.


Кожную раніцу, спяшаючыся на працу, Марына Мікалаеўна цвёрда ведае: яе чакаюць, лічаць гадзіны, што засталіся да сустрэчы з ёй. Пажылыя людзі, чые дзеці недзе далёка, а часта зусім адзінокія – тыя, каго яна за 7 гадоў працы прывыкла называць «мае бабулі і дзядулі». Яна – сацыяльны работнік Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, абслугоўвае вёскі Хоціна, Паўазер’е і Сокарава. Дзесяць яе падапечных, як прызналася Марына Мікалаеўна, сталі ёй не проста блізкімі, а, па сутнасці, роднымі людзьмі.


З сацыяльным работнікам мы сустрэліся на мінулым тыдні, калі слупок тэрмометра набліжаўся амаль да мінус 20 градусаў: можна сказаць, перахапілі прама на дарозе на павароце на вёску Хоціна. Нягледзячы на моцны мароз, яна на веласіпедзе спяшалася да сваіх бабуль і дзядуль.


– Як жа я іх пакіну ў такое надвор’е? – адзначыла жанчына ў размове. – І няхай гэта нялёгкая прафесія, але старасць не павінна быць адзінокай. Да кожнага, а характары ох якія бываюць, трэба прылаўчыцца, улічыць меркаванні, правільна адгадаць, чаго менавіта хоча чалавек, робячы той ці іншы заказ. Прынесці прадукты і лекі, прыгатаваць ежу, скласці дровы, прапаліць у печы, прыбраць у хаце. А яшчэ праца звязана з пастаянным шчымлівым болем у сэрцы, бо гэтых старажылаў шкада да слёз. Таму, што б ні здарылася, спяшаюся да іх. Часта я адзіны чалавек, з якім яны пагавораць за ўвесь дзень.


Акрамя сваёй прафесійнай дзейнасці Марына Мікалаеўна яшчэ займае і актыўную грамадзянскую пазіцыю. Яна з’яўляецца дэпутатам Ульскага сельскага Савета 27-га склікання па Заезвінскай выбарчай акрузе №13. Дарэчы, вяскоўцы ўжо ў другі раз даверылі М. М. Дыбаль прадстаўляць іх інтарэсы.


Жанчына ацаніла давер сваіх землякоў і старанна рупіцца на гэтай грамадскай пасадзе. «Марына Мікалаеўна – добры і спагадлівы чалавек. Яна вызначаецца жыццёвай мудрацю, паважлівасцю да людзей, адказнасцю за дадзенае слова, – расказаў старшыня Ульскага сельвыканкама Г. І. Анашка. – Дэпутат з вуліцы Заезвінскай в. Сокарава шмат чым дапамагае сельскаму Савету. У Марыны Мікалаеўны добрыя ўзаемаадносіны з вяскоўцамі, ёй давяраюць людзі і звяртаюцца да яе з уласнымі і грамадскімі праблемамі. Трэба ўбраць збожжавыя на прысядзібным участку, выдзеліць каму збожжа, падправіць дарогу, адрамантаваць калонку, арганізаваць суботнік, дапамагчы з нарыхтоўкай дроў ці пахаваннем нябожчыка – з гэтымі і іншымі пытаннямі ідзе мясцовы дэпутат у сельвыканкам. Некаторыя пытанні вырашаем адразу, іншыя – праз пэўны час. Але гэта сувязь «сельвыканкам-дэпутат» працуе, можна сказаць, штодзённа і ніколі не губляецца».



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *