В ГП ПолитодделецАгро Бешенковичского района на поля переселились 1490 голов

Заботы сельские

У народзе вясну здаўна называюць парой вялікага малака, бо ў гэты час буронак пераводзяць на пашавае ўтрыманне. Не сакрэт, што гэта заўсёды спрыяе павышэнню надояў. Таму, як толькі дазволіла надвор’е, у гаспадарках раёна пачаўся пашавы перыяд: жывёлы пакінулі кароўнікі і пераведзены на зялёныя кармы. У ДП «ПалітаддзелецАгра» на палеткі «перасяліліся» 1490 галоў жывёлы (690 цялушак і 800 кароў), якія склалі 7 гуртоў (з іх 4 – дойныя статкі, 3 – цялушкі). На гэтым тыдні мы пабывалі на полі, што знаходзіцца паблізу вёскі Камоскі, дзе размясціўся гурт амаль у 200 кароў, якіх абслугоўваюць чатыры аператары машыннага даення. Адна з даярак, Антаніна Рыгораўна Белязека (на здымку), якраз прыступала да абедзеннай дойкі.


– Вядома, арганізацыя пашавага перыяду – гэта праца складаная, але патрэбная, – расказвае працаўніца. – Па-першае, каровы ўжываюць сакавітую зялёную траву, якая дае прыбаўку малака. Па-другое, такія прагулкі на свежым паветры, на сонейку робяць жывёл больш моцнымі, а гэта вельмі важна для атрымання здаровага патомства. Мінус у тым, што ў першыя дні прадуктыўнасць жывёл падае, паколькі яны прызвычайваюцца да новых умоў. Але потым усё наладжваецца, аб’ёмы малочнай прадукцыі растуць, якасць паляпшаецца. Ды і па жывёлах відаць, што такое становішча спраў ім, безумоўна, падабаецца. Таму ад пашавага сезона, як і заўсёды, мы чакаем высокіх паказчыкаў. Наш гурт, дарэчы, на пашавае ўтрыманне перайшоў першым. У маёй групе – 51 буронка, за дзень надойваю каля 900 кілаграмаў.


Галоўны заатэхнік прадпрыемства Т. Л. Кавалёнак паведаміла, што за першыя чатыры месяцы гэтага года 82% малака ў гаспадарцы ішло гатункам «экстра». Калі параўнаць з гэтым жа перыядам мінулага года, то рост склаў 150 тон. Валавы надой за 4 месяцы – амаль 1703 тоны, надой на карову – 1871 кілаграм. За тры тыдні прыбаўка малака ў гаспадарцы па ўсіх групах склала 1,5 тоны (102% да ўзроўню мінулага года).


– Зялёны корм для дойнага статка хоць і вельмі карысны, але ўсё ж не трэба забываць пра дадатковае кармленне жывёл, – заўважае Таццяна Леанідаўна. – У іх меню яшчэ ўключаны канцэнтраты, а для стымулявання лепшага апетыту – соль. Каб буронкі маглі не толькі падсілкавацца, але і смагу наталіць, тры разы на дзень падвозіцца вада.


Адным словам, у жывёлаводаў ДП «ПалітаддзелецАгра» рагулі накормлены ўволю, пра што і сведчаць паказчыкі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *