Бешенковичскую молодёжь объединил студотряд

Мы -- молодые

Для многіх маладых людзей праца ў студэнцкім атрадзе – гэта першы працоўны вопыт. Вядома, няпроста даецца, але, як і ў любой справе, не робіць памылак той, хто нічым не займаецца. Галоўнае, што ў юнакоў ёсць жаданне працаваць, і яны пачынаюць усведамляць рэальна, колькі каштуе кожны зароблены ўласнай працай рубель.


Такіх энтузіястаў набралася 25 чалавек – гэта юнакі 14-17 гадоў. Яны аб’ядналіся ў студэнцкі атрад і з 12 чэрвеня ўліліся ў шэрагі работнікаў УКП ЖКГ «Бешанковіцкі камунальнік», каб не толькі атрымаць працоўную закалку, але і ўнесці свой уклад у добраўпарадкаванне роднай зямлі. Юнакі разбіліся на групы і выконваюць розныя віды работ пад наглядам вопытных спецыялістаў.


Станоўча ацэньвае ўдзел 15 студатрадаўцаў у работах па добраўпарадкаванні райцэнтра майстар Н. І. Марціновіч. «Малодшыя, 14-16-гадовыя, байцы атрада працуюць па 4 гадзіны ў дзень, старэйшыя – па 7 гадзін, – распавядае Мікалай Іванавіч. – Усе актыўныя і руплівыя: хтосьці займаецца добраўпарадкаваннем і ўборкай тэрыторый, а камусьці давяраем і больш сур’ёзныя работы».


На рахунку падапечных Н. І. Марціновіча за паўтара месяца налічваецца нямала добрых спраў: маладыя людзі, напрыклад, наводзілі парадак на вуліцы Будаўнікоў, фарбавалі агароджу на вуліцы Чарняхоўскага, усталёўвалі трэнажоры на вуліцы Маладзёжнай, разраўноўвалі грунт каля гасцініцы, выбіралі цэглу і наводзілі парадак на тэрыторыі прадпрыемства.


Яшчэ 10 юнакоў пад кіраўніцтвам майстра Аляксандра Анатольевіча Шчарбакова ўвесь гэты час асвойвалі вытворчасць жалезабетонных вырабаў. Для патрэб УКП ЖКГ «Бешанковіцкі камунальнік» і на продаж яны вырабляюць кольцы для калодзежаў, бардзюры, слупкі, агароджы, а таксама майструюць штыкетнік у сталярным цэху.


– Прыярытэт працы ў нашай моладзі відавочны. Маладыя людзі гатовы рупіцца дзеля росквіту роднай зямлі. І гэта наша вялікае дасягненне, – падкрэсліла ў размове першы сакратар РК ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Т. А. Жукоўская і дадала: – Студэнцкі атрад стане для юнакоў успамінам маладосці, калі чалавек можа не толькі зарабіць грошы, але і знайсці новых сяброў, выявіць у сябе новыя лідарскія якасці, таму што побач знаходзяцца такія ж амбіцыйныя маладыя людзі, якіх трэба аб’яднаць, стаць для іх аўтарытэтам.


“Працы хапае. Калі б не падабалася, то наўрад ці б я прыйшоў сюды чацвёрты год запар, – уключаецца ў размову баец студатрада Дзмітрый Камовіч. – Студатрады – гэта не проста добрая практыка, але і, што немалаважна, магчымасць зарабіць. Калі чалавек ужо сюды трапіў, то гэта захапляе надоўга».


Да сказанага таварышам намеснік камандзіра атрада з двухгадовым стажам Мікіта Сапега дадаў: «Добры калектыў, прынялі нас добразычліва, мне падабаецца. Хачу набрацца вопыту, цікава навучыцца нешта рабіць сваімі рукамі. Моладзь сёння жадае мець нейкую самастойнасць у жыцці, мець грошы на кішэнныя расходы. Бо гэта нейкі гонар, што я магу патраціць уласныя сродкі, а не прасіць грошы ў бацькоў».


«Цяжкавата, але спраўляемся, – прызнаецца Андрэй Скрабатун, які таксама ў студатрадаўскім руху ўдзельнічае другі год. – У першую чаргу я гляджу, што і як робяць прафесіяналы, імкнуся быць падобным да іх. Даведаўся шмат новага, гэта вельмі карысна для мяне, ды і ў жыцці, думаю, спатрэбіцца».