Калейдоскоп жизни мастера колбасного цеха Бешенковичского райпо

Человек и его дело

Яркія, духмяныя кольцы каўбас, апетытная чарада сардэлек, сакавітая грудзінка, вэнджанае сала – пералік прадукцыі каўбаснага цэха можна працягваць бясконца і кожны з нас, напэўна, не раз задумваўся пра тое, хто ж так па-майстэрску стварае падобную смачную «прыгажосць».


Мясныя вынаходствы да вашага стала – заслуга калектыву каўбаснага цэха Бешанковіцкага райпа. Сёння мы пазнаёмім землякоў з цудоўнай жанчынай, якая вось ужо 55 гадоў працуе ў гэтай сферы. Майстар цэха Ганна Сяргееўна Шыпуля ўсё жыццё прысвяціла працэсу вытворчасці мясной прадукцыі. Каўбасны цэх назаўсёды стаў яё другім жыццём.


– Я родам з вёскі, што ў Чашніцкім раёне, але лёс невыпадкова завёў мяне на Бешанковіччыну, дзе было наканавана сустрэць каханне, – пачала ўзгадваць мінулае Ганна Сяргееўна. – У маці я была адна дачка. Што такое праца, спазнала ў 14 гадоў. Пры швейнай майстэрні ў Вярхоўі было вучылішча, дзе я скончыла шасцімесячныя курсы, так пачалася мая працоўная дзейнасць. Праз паўтара года паехала вучыцца ў Оршу, у 1967-м вярнулася сюды, жыла на кватэры. Будучы муж Уладзімір Васільевіч жыў недалёка, так мы і сустрэліся, і разам крочым па жыцці амаль 50 гадоў. У нас двое сыноў, як і мы, яны таксама засталіся ў Бешанковічах. А яшчэ – два ўнукі (адзін – міліцыянер, другі – будучы лётчык), дзве ўнучкі і маленькая праўнучка, ёй усяго 8 месяцаў. Так што пра сябе магу сказаць, што я шчаслівая жонка, маці і бабуля, хаця шмат усяго было і добрага, і не зусім, але неяк жылі. Гаспадарка ёсць: свінні, куры, сабака і кот. Раней займалася шыццём, умею і вышываць.


Ганна Сяргееўна пачынала сваю працоўную дзейнасць упэўнена, лёгка і хутка ўнікла ў тонкасці вытворчасці, гэтак жа дзейнічае і зараз. Яна стала прызнаным прафесіяналам у сваёй справе, бясспрэчным аўтарытэтам для калектыву і ў любой сітуацыі першым дарадцам для работнікаў. У гэтай жанчыны атрымліваецца ўсё, бо яна душой хварэе за сваю працу. Як заўважаюць пра Ганну Сяргееўну калегі, прафесію сваю яна любіць і ведае, як табліцу множання.


– Мне пашанцавала: па жыцці трапляліся толькі добрыя людзі, якія разумелі мяне, а я – іх, – разважае Ганна Сяргееўна. – Калектыў у нас невялікі, усяго пяць чалавек, калісьці было 15, у камуністычныя часы (смяецца). Я ўсіх іх люблю. Кожны чалавек – частачка аднаго механізма, што працуе хутка і зладжана, таму любая задача для нас – не праблема. Працаўнікі бязмежна адданы справе, пра гэта сведчыць той факт, што працоўны стаж у кожнага з іх – не менш як 30 гадоў. Зайздроснае пастаянства, якое дазваляе спецыялістам выконваць любую аперацыю па перапрацоўцы мяса.


Мы спецыялізуемся на вытворчасці прадуктаў з мяса і мясных паўфабрыкатаў, вяндліны і г. д. Асноўны напрамак дзейнасці цэха – паўфабрыкаты з мяса ялавічыны, свініны і птушкі. Сёння каўбасны цэх выпускае ў месяц каля 7,5 тоны мясных паўфабрыкатаў і каля дзвюх тон прадуктаў з мяса, у тым ліку каля тоны прадуктаў з мяса хатняга асартыменту.


Што гаварыць, калі на прылаўках магазінаў бачыш вынік сваёй працы – гэта вышэйшая і самая галоўная ўзнагарода.


Падчас размовы не магла не пацікавіцца, у чым сакрэт жаночага, сямейнага і працоўнага шчасця?


– Галоўнае – жаданне працаваць і павышаць сваё майстэрства. Вядома, неабходны прафесійныя веды і арганізатарскія здольнасці, – крыху падумаўшы, адказала Ганна Сяргееўна. – Жанчына ж павінна быць мудрай, паважаць мужа і мець цярпенне дома і на працы.


Так супала, што заўтра працаўніца будзе адзначаць свята – свой юбілейны дзень нараджэння. Таму, паважаная Ганна Сяргееўна, жадаем Вам шчасця, радасці і цудоўнага настрою кожны дзень! Праз гады вы пранеслі любоў, шчырасць і чысціню ў душы. Вам ёсць на што азірнуцца, ёсць што ўзгадаць, ёсць з чым жыць. Гады праходзяць, застаюцца толькі яркія моманты ў калейдаскопе жыцця. Жадаем, каб усё жыццё здавалася святам, а праблемы і дробныя непрыемнасці зусім не заўважаліся. Моцнага здароўя і даўгалецця, фінансавага дабрабыту, гармоніі і спакою! Няхай жыццё дорыць толькі радасць!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *