Прямая линия по номеру 4-13-01

Новости района

Вядучая фігура ў вёсцы – гэта механізатар. Ён штодзень клапоціцца пра зямлю, арэ, сее, а восенню бязмежнае поле аддзячвае яму ўраджайнымі каласамі, налітымі залатым збожжам.


Земляроб – незаменны чалавек, асабліва, калі прафесію сваю выбраў па душы, а не таму, што дзявацца больш няма куды. Шкада, што не ўсе гэта разумеюць. Чалавек, які ідзе шляхам сельскага працаўніка, як ніхто іншы любіць і разумее зямлю.


У механізатара УП «Свіціна-ВМК» Юрыя Рыгоравіча Галая гэтага не адняць. У сельгаспрадпрыемстве працаўнік знаходзіцца на добрым рахунку, усе даручаныя работы выконвае якасна. З ім мы пазнаёміліся падчас «зялёнага жніва», дзе мужчына быў заняты на трамбоўцы падвяленай масы.


– Гэта мой трэці сезон на корманарыхтоўцы. У прафесію прыйшоў не адразу, ды і жыхар я не мясцовы, мая радзіма – Чашнікі. Сярэдні сын у сям’і, ёсць яшчэ старэйшы брат і малодшая сястра. Пасля арміі працаваў зваршчыкам, але нядоўга, гадоў пяць-шэсць, потым – на льнозаводзе, а вадзіць трактар навучыўся яшчэ ў школе. Напэўна, выбару прафесіі паспрыялі гены – дзядзька да пенсіі працаваў трактарыстам. Ад яго і пераняў любоў да машын. Сюды, на бешанковіцкую зямлю, паклікалі знаёмыя. Прыехаў, паспрабаваў, неяк прыжылося. Адсыпацца, праўда, даводзіцца толькі ўзімку.


Юрый Рыгоравіч – лагодны, сціплы чалавек. Ён мае дарослую дачку, ведае цану сельскай працы, таму прызвычаіўся ўсё рабіць сумленна, тым больш, што работа падабаецца. Механізатару даводзіцца ведаць не толькі разнастайную тэхніку, але і асновы земляробства, аграхіміі, каб усталёўваць глыбіню апрацоўкі глебы і баранавання насення, нормы ўнясення ўгнаенняў, дакладна выбіраць тэрміны работ. Дапусціш адхіленне, нават маленькае, якасць ураджаю зніжаецца. Майстэрства працаўніка цэніцца па колькасці сабранага збожжа. Летам, калі наступае адказны час уборкі збожжавых культур, мужчына садзіцца за штурвал камбайна «КЗС-12». Вось і зараз наперадзе яго чакаюць клопаты пра новы ўраджай. Трэба як след падрыхтаваць сельгасмашыны да палявых работ, бо не паспееш азірнуцца, а ўжо зноў кліча жніво.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *