ТЦСОН проводит Единые дни информирования

Новости района

У нядзелю ў Беларусі адсвяткавалі Дзень Незалежнасці. Традыцыйна 3 ліпеня беларускі народ аддае даніну павагі гераізму і доблесці франтавікоў і працаўнікоў тылу, партызан і падпольшчыкаў, якія прынеслі свабоду Беларусі. Урачыстыя мерапрыемствы праходзілі і на Бешанковіччыне (на здымках).


У райцэнтры Дзень Незалежнасці пачаўся з самай раніцы трансляцыяй радыёгазеты на цэнтральнай плошчы гарпасёлка. Надвор’е выдалася выдатнае, таму на свята, каб прайсці ў святочнай калоне па памятных мясцінах пад гукі аркестра, прыходзілі сем’ямі. Канешне ж, ганаровымі гасцямі ўрачыстасці былі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Вахту памяці ў гэты святочны дзень неслі піянеры.


Усе разам, святочнай калонай, прыдзвінцы прайшлі па цэнтральных вуліцах Бешанковіч, ускладаючы вянкі і жывыя кветкі да брацкай магілы савецкіх воінаў, Алеі Герояў і Кургана Славы.


– Сёння 25 гадоў нашай незалежнасці, – звярнуўся да жыхароў і гасцей гарпасёлка старшыня раённага Савета дэпутатаў Г. М. Шведаў. – Мы ўшаноўваем тых, хто абараняў краіну. Схіляем галовы перад тымі, хто не вярнуўся да сваіх сем’яў, але цаной уласнага жыцця падарыў нам мір. Пасля вайны Прыдзвінскі край не далічыўся каля 17 тысяч жыхароў.


У цяперашні час кожны з нас сваёй працай уносіць пасільны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіцце краіны. Разам мы ствараем сваю будучыню і будучыню нашых дзяцей. Нашы людзі – галоўнае багацце і гонар краіны. Зараз Бешановіччына паспяхова развіваецца ва ўсіх накірунках. Выказваю шчырую падзяку ўсім, хто сваёй працай умацоўвае эканоміку раёна, памнажае яго духоўны і інтэлектуальны патэнцыял, клапоціцца пра здароўе людзей і захаванне культурных традыцый. Мы па праву ганарымся сваімі лепшымі працаўнікамі. Яны, дарэчы, ёсць у кожным калектыве.


Памяць загінуўшых за свабоду і незалежнасць краіны ўшанавалі хвілінай маўчання.


Пасля ўрачыстага мітынгу свята перамясцілася ў цэнтральны парк, дзе прыдзвінцы і госці райцэнтра паглядзелі канцэрт калектываў мастацкай самадзейнасці, жадаючыя змаглі паўдзельнічаць у спартыўных мерапрыемствах, атракцыёнах, гульнявых праграмах, пазнаёміцца з працамі майстроў народных рамёстваў. Парадаваў гасцей сваім вытанчаным выступленнем ансамбль песні, музыкі і танца «Талака» Віцебскай абласной філармоніі. Увесь дзень у парку працавалі гандлёвыя рады.


На жаль, дождж унёс свае карэктывы ў святкаванне Дня Незалежнасці: вечаровы канцэрт і салют адмянілі. А дыскатэку перанеслі ў раённы Цэнтр культуры.


Нам застаецца толькі яшчэ раз павіншаваць усіх прыдзвінцаў, а таксама ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, блакаднікаў, вязняў з Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь! Пажадаць здароўя, міру, дабрабыту і павагі!



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *