От них веет оптимизмом и душевной теплотой

Они живут рядом

Шчыра кажучы, мала хто з нецярпеннем чакае пачатку пенсіі, але ж заўсёды ёсць і адваротны бок медаля. Гэта ж столькі вольнага часу з’яўляецца, хоць адбаўляй! А ён дорыць масу новых магчымасцяў. Можна самазабыўна прысвяціць жыццё выхаванню ўнукаў, шыццю, вязанню, вышыўцы, а можна запісацца на ёгу, курсы масажу, а яшчэ навучыцца кіраваць аўтамабілем і нават… заспяваць. Поле для творчасці бязмежнае. Так што выхад на пенсію – не падстава губляць цікавасць да жыцця, а магчымасць разгарнуць у ім новую старонку, заняцца любімай справай.


Большасць пенсіянераў у душы застаюцца ўсё такімі ж актыўнымі, бадзёрымі, пазітыўнымі, энергічнымі, як, напрыклад, удзельніцы народнага клуба «Ветэран» Еўдакія Фёдараўна Яроха і Лілія Канстанцінаўна Бельская. Займацца ў хоры паважаныя бабулі пачалі даўным-даўно, гадоў 15-20 назад.


– Сама я з Віцебска, а сюды, на Бешанковіччыну, выйшла замуж, – кажа Еўдакія Фёдараўна. – шмат дзе давялося папрацаваць, на пенсію ж пайшла, калі была загадчыцай складам на фабрыцы мастацкіх вырабаў. Аднак спяваць заўсёды любіла, ды і зараз люблю. У нас тут пануе вельмі цёплая, сяброўская атмасфера. Я ўсім раю: не бойцеся прыйсці да нас. Галоўнае – не толькі вашы магчымасці, а каб сэрца спявала.


– І спяваць мы будзем доўга, пакуль хопіць сілы, а гэта ўжо залежыць ад жадання, – дадае з усмешкай Лілія Канстанцінаўна. – Я вось калісьці працавала кантралёрам-манцёрам энергазбыту, побач заўсёды было шмат людзей, на месцы не сядзела, а на пенсіі зрабілася сумна. У хоры ж весела, асабліва бывае, калі збяромся і паедзем «на гастролі».


На выступленнях ветэранаў мне даводзілася быць неаднойчы. Ад іх заўсёды вее такім аптымізмам, запалам і душэўнай цеплынёй, што настрой гэты перадаецца і гледачам. Жыццярадаснасці артыстак маладыя пазайздросцяць. «Загрузіўшы» свой творчы багаж, адпраўляюцца ветэраны на канцэрты, зараджаць людзей энергіяй. І як бы шчодра ёю ні дзяліліся, запал не змяншаецца. Вядома, здароўе ў артыстак ўжо не як у маладосці, але ў любой сітуацыі яны застаюцца на вышыні. Напрыклад, аднойчы напярэдадні выступлення ў Еўдакіі Фёдараўны падвысіўся ціск. «Але мне ж хутка на сцэну трэба, – умольвала доктара артыстка. – Я падвесці калектыў не магу!» Вось так і падвезла яе «хуткая дапамога» толькі да РЦК. Зрэшты, як лічуць ветэраны, спевы і прыемныя хваляванні – самыя эфектыўныя лекі. Расплясаліся ды заспявалі – і зноў маладыя і здаровыя. Усе хваробы кудысьці падзеліся.


Хор ветэранаў – як вогнішча. Нельга, каб яно згасла. Розныя ў салістак галасы. Розныя характары, але жывуць яны як адна вялікая сям’я. І новыя «прыцягваюць кадры» – сяброў, знаёмых (зараз у складзе клуба 15 выканаўцаў). Планаў шмат: у пачатку лістапада ўдзельніцы клуба плануюць паехаць на юбілей да калектыву сенненскіх ветэранаў, а ў канцы – на фестываль у Оршу.


Мноства грамат і дыпломаў, з якімі вяртаюцца з розных конкурсаў, пра многае сведчаць. Тут і артыстызм, і творчасць, і бясконцая любоў да музыкі. Дарэчы, немагчыма ўтрымацца, каб не адкрыць адзін сакрэт: за шматгадовую працу, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, значны асабісты ўклад у развіццё ветэранскага руху нашы паважаныя салісткі адзначаны Ганаровымі граматамі Бешанковіцкага раённага Савета дэпутатаў, што будуць ўручаны ва ўрачыстай абстаноўцы на святочным мерапрыемстве з нагоды Міжнароднага дня пажылых людзей.


Напэўна, не старэць душой і праўда магчыма. Асабліва, калі прысвячаеш сябе любімай справе. Шаноўныя ветэраны, заставайцеся і надалей такімі ж маладымі і бадзёрымі духам. Са святам!


Марыя САНЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *