Стартовала Европейская неделя мобильности

Новости района

Камяні. Вялікія і малыя. Старыя. Аздобленыя і не. Цэлыя і пашкоджаныя. З надпісамі, што амаль сцёрліся… Старыя яўрэйскія могілкі. Час не пашкадаваў іх, як і людзей, што знайшлі тут апошні прыстанак. Дзесяцігоддзі забыцця для бессмяротнай душы – не вечнасць. Год за годам прырода адваёўвала тэрыторыю могілак. І адваявала. Не было каму іх дагледзець. Мёртвыя не паскардзяцца.


Цярпліва чакалі камяні, глыбей урасталі ў зямлю… Кажуць, што ўсяму ў свеце свой час: і памяці, і справядлівасці! Знайшліся, нарэшце, неабыякавыя людзі, узяліся за добраўпарадкаванне. Вось і сёлета ўжо другі раз да нас прыязджалі валанцёры з Беларусі, Расіі, Германіі. Ганна Клімовіч, ініцыятар аднаўлення яўрэйскіх могілак у г. п. Бешанковічы, расказала, што ў бягучым годзе плануецца яшчэ дзве экспедыцыі. Потым, у жніўні, пачнецца работа палявой школы яўрэйскай этнаграфіі і эпіграфіцы цэнтра навуковых работнікаў і выкладчыкаў іудаікі ў ВНУ “Сэфер”.


– У гэтым годзе самая галоўная задача – каталагізацыя могілак, – кажа Ганна.– Мы ўжо шмат зрабілі. Бывае, нават самі сабе здзіўляемся. У мінулым годзе апошні пранумараваны камень быў 211-м. Зараз адноўлена ўжо каля 500, а ўвогуле на могілках маецца, напэўна, каля 1000 камянёў.


Пяць дзён валанцёры змагаліся з расліннасцю, уздымалі з зямлі камяні. Жылі і харчаваліся ў гімназіі-інтэрнаце райцэнтра, працавалі амаль па восем гадзін. Мяне зацікавіла: ці цяжка было ўсё арганізаваць? Адкуль жанчына ўзяла натхненне?


– Валанцёраў мы знаходзілі з дапамогай сеціва, а ўсё натхненне адсюль: у гэтым месцы, – прызналася Ганна. – Вялікі дзякуй ўсім людзям, якія аказалі матэрыяльную дапамогу. Сярод іх – урачы, пенсіянеры, бізнесмены. Шмат жыхароў Санкт-Пецярбурга і выхадцаў з яго, што жывуць за мяжой. Адгукнуліся і неабыякавыя людзі з Віцебска, нягледзячы на тое, што яны каталікі, а таксама спонсары з Ізраіля. Самую вялікую падтрымку аказалі нашчадкі выхадцаў з Бешанковіч, якія жывуць у Санкт-Пецярбургу, у Амерыцы. Цяжка, але як іначай? Затое прыемна па крупінках аднаўляць забытую, страчаную гісторыю. Хто іншы за гэта возьмецца? Хто, калі не мы?


…Старыя могілкі. Па-ранейшаму пазіраюць на людзей шэрыя камяні. Чамусьці яны ўжо не здаюцца такімі сумнымі. Хаджу сярод іх, дакранаюся, нібы гэта рукі чалавека. Ніхто з іх не забыты, нішто не забыта. Ціха дыхае вецер. Вакол ні душы. Спяваюць на могілках птушкі. Аднаўляецца гісторыя.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *